Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чэ́рпацца, ‑аецца; незак.

Зал. да чэрпаць.

чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.

2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.

•••

Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.

чэ́рствасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чэрствага. [Старая] нюхала, праводзіла ногцем па падрумяненай скарынцы, спрабуючы, відаць, на чэрствасць. Лынькоў. Таня паказала зусім новы бок сваёй душы, чэрствасць няўдзячнага эгаізму. Машара.

чэ́рствы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. □ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.

2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. □ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. □ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.

чэ́рчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад чарціць.

чэ́санкі, ‑нак; адз. няма.

Мяккія і тонкія валёнкі з часанай воўны. Дзіцячыя чэсанкі.

чэ́снасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць чэснага (у 1 знач.). [Левановіч:] Там, дзе пануе мужнасць, чэснасць і бальшавіцкая пільнасць — яны [свінячыя маманты] жыць не могуць. Крапіва.

2. Чэсныя паводзіны, чэсныя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Курган:] — Ды і што Язэп? Ён тут не жыве і тут ніводнага цвічка не ўкраў і, такім парадкам, не парушае агульнай гармоніі чэснасці нашага сяла. Колас. Усім вядома, што Даніла — гэта адна чэснасць... Пестрак.

3. Строгая маральная чыстата, цнатлівасць. Зберагаць чэснасць.

чэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Праўдзівы, прамы і добрасумленны. Але Зайкін, чалавек чэсны, бачыў Новікава наскрозь і не паспагадаў яму. Дуброўскі. Слаўны хлопец, гэты Мікола. Сапраўдны таварыш. І чалавек чэсны. Савіцкі. // Прасякнуты праўдзівасцю, добрасумленнасцю. Чэсныя намеры. Чэсная праца. // Атрыманы ў выніку добрасумленных паводзін, адносін. Чэсны заробак.

2. Справядлівы, бездакорны ў маральных адносінах. Чэснае імя. □ [Чарнавус:] Учора, лёг, як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Крапіва.

3. Маральна чысты, цнатлівы. [Валянціна Васільеўна:] — І Антось не вінаваты. Я чэсная перад ім, як анёл. Гроднеў.

•••

Чэснае слова гл. слова.

чэ́стэр, ‑у, м.

Сорт вострага цвёрдага сыру; сыр гэтага сорту.

[Англ. Chester.]

чэсць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы. Глебка. Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар. Гілевіч. // Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе! Колас. [Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў. Крапіва. У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты. Жычка. Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць. Панчанка.

2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа. У. Калеснік.

3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала.

4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган. Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту. Колас.

•••

Аддаць чэсць каму — прывітаць каго‑н. па-ваеннаму, прыклаўшы руку да галаўнога ўбору.

Пара і чэсць знаць — дастаткова, пара перастаць, закончыць што‑н. [Адзін з гасцей:] Пара нам чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы. Купала.