чэрствы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. ▪ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.

2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. ▪ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. ▪ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)