шараба́н, ‑а, м.
1. Адкрыты чатырохколавы экіпаж з папярочнымі сядзеннямі ў некалькі радоў.
2. Аднаконны двухколавы экіпаж; кабрыялет.
[Фр. char-à-bancs.]
шарава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шараваць 2.
шарава́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад шараваць 1.
шарава́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад шараваць 2.
шарава́ры, ‑аў; адз. няма.
Доўгія шырокія штаны, сабраныя каля шчыкалатак, якія звычайна мужчыны засоўваюць у боты, а жанчыны носяць навыпуск. Мужчыны носяць шырокія, увабраныя ў боты шаравары, доўгія, ніжэй калена, вышываныя кашулі. Сачанка. // Шырокія спартыўныя штаны (доўгія ці кароткія). Хлопчыку цёпла ў шарсцяным світэры і лыжных шараварах. Шыловіч.
[Перс.]
шарава́ты, ‑ая, ‑ае.
З шэрым адценнем, па колеру блізкі да шэрага. Вечарам, як толькі прагоняць статак, вісіць над дарогамі, над вуліцай шараватая пялёнка дыму. Навуменка.
шарава́цца 1, ‑руецца; незак.
Зал. да шараваць 1.
шарава́цца 2, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Разм. Церці сябе чым‑н. Шаравацца вяхоткай.
2. Церці, закранаць сваёй паверхняй аб паверхню іншага прадмета, рухаючыся ўзад і ўперад. Чуваць было, як уздыхаў конь, зрэдку шараваўся аб сцяну ці аб жолаб. Чорны. [Гілёрык] чуў як бы нейкі шум, але сам не мог разабраць, ці то пчолы гудуць, ці вулей шаруецца аб салому. Колас.
3. Зал. да шараваць 2.
шарава́ць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
Правесці (праводзіць) рыхленне міжрадкоўяў прапашных культур.
шарава́ць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. каго-што. Чысцячы, церці, вадзіць чым‑н. узад і ўперад па якой‑н. паверхні. Шараваць падлогу. □ Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Аднойчы .. [Эрна] мыла і шаравала ля павеці бочку. Бочка высокая, дубовая. Ракітны.
2. што аб што, па чым і чым. Церці паверхняй аднаго прадмета аб паверхню другога. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. Колас. Не страшыдла там, а сом Дно шаруе жыватом. Дзеружынскі.
шаравы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да шара (у 1 знач.). Шаравая паверхня. // Які мае форму шара; шарападобны. Шаравая маланка. Шаравыя міны.
2. Які мае ў сваёй будове, канструкцыі шарападобныя часткі. Шаравы клапан. □ Шаравыя млыны таксама мяняць трэба на больш моцныя. Карамазаў.
шара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Загадка, у якой загаданае слова падзяляецца на часткі, кожная з якіх — самастойнае слова, якое трэба адгадаць, каб выйшла галоўнае слова (напрыклад: Я — майка: востраў Ямайка).
[Фр. charade.]
шара́к, ‑а, м.
Разм.
1. Шэры заяц. Дзямід Сыч убачыў, як шарак .. падскочыў у паветра і зараз жа мяшком упаў уніз. Паслядовіч.
2. Верхняе адзенне (кафтан) з шэрага сукна. Ён апрануў стары шарак, Абуў старыя лапці дзед: Ні то — скрыпач, ні то — жабрак? Бялевіч.