Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шапту́н, ‑а, м.

1. Той, хто шэпча (у 1 знач.) або шэпчацца з кім‑н. Аднак Кірыла не ўсіх пераканаў, чуліся галасы шаптуноў: Калі ты такі порсткі, дык ідзі сабе, а нам і дня хопіць, не гарыць. Гурскі. [Гудкевіч:] — Гэй, шаптуны! Годзе спрачацца. Языкі за зубы — пад’язджаем да вёскі. М. Ткачоў.

2. Той, хто займаецца даносамі, тайна паклёпнічае, распаўсюджвае якія‑н. чуткі. [Харытон:] — Ды хіба ж аб гэтым варта каму хваліцца? І сярод парабкаў шаптуны ёсць. Бажко.

3. Знахар, чараўнік. Фэлька не прызнаваў ні дактароў, ні шаптуноў. С. Александровіч.

шапту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Жан. да шаптун.

шапчы́на, ‑ы, ж.

Разм. зневаж. Несамавітая шапка.

шапяля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць шапялявага; шапялявае вымаўленне. Гэты лёгкі польскі акцэнт, гэтую ледзь прыкметную шапялявасць Шурка недзе чуў. Мехаў.

шапяля́віць, ‑ляўлю, ‑лявіш, ‑лявіць; незак.

Вымаўляць мяккія с, з з шыпячым адценнем. Калісьці, рамантуючы прыёмнікі, Мішка адкусваў дроцікі, павышчарбляў зубы і цяпер шапялявіў: — А ш чым я аштануша? Карпюк. — Зрабіць так, як ніводная высакародная літоўка не зробіць?! — шапялявіў .. [Парэчкус], быццам нешта не месцілася ў яго роце. Броўка.

шапяля́вы, ‑ая, ‑ае.

Які вымаўляе мяккія с, з з шыпячым адценнем. Шапялявае дзіця. □ Прыбіўся нейкі матчын сваяк з Хвоенкі, барадаты, шапялявы. Мележ. // Няправільны, скажоны ў вымаўленні мяккіх с, з. Шапялявае вымаўленне. □ Бабка Кацярына спыніла працу і, разглядаючы .. [піянераў] з-пад далоні, адказала ціхім шапялявым голасам. Якімовіч.

шапяля́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапяляць.

шапяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм. Невыразна вымаўляць некаторыя гукі. Пачынаецца гульня ў даміно. Коля гуляе, як дарослы. Хутка і сур’ёзна абдумвае хады і амаль ніколі не памыляецца. Малы Шурпель.., наадварот, моцна стукае касцямі, злуецца і, як заўсёды ў такіх выпадках, пачынае шапяляць. Васілевіч.

шапяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шаптаць.

шар, ‑а; мн. шары, ‑оў; м.

1. У матэматыцы — геаметрычнае цела, якое ўтворана вярчэннем круга вакол свайго дыяметра. Паверхня шара. Плошча шара. Радыус шара.

2. Прадмет, які мае такую форму. Більярдны шар. □ Каляровыя шары Пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч.

3. Уст. Прадмет такой формы для галасавання, а таксама сам голас за або супраць. Пытанне аб дапушчэнні Скарыны да экзаменаў было вырашана, па прапанове Мусаці, балатыроўкай шарамі. Алексютовіч. Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны. Караткевіч.

•••

Зямны шар — планета Зямля.

Паветраны шар — а) сферычны аэрастат; б) дзіцячая цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам, лягчэйшым за паветра.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае: «супраць абрання».

Пробны шар — а) (уст.) шар, які выпускаецца для выпрабавання ўмоў палёту; б) пра які‑н. учынак, прыём, пры дапамозе якога імкнуцца высветліць што‑н.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.