Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ша, нескл., н.

Назва літары «ш».

ша́бас, ‑у; м.

1. Суботні адпачынак, суботняе свята, прадпісанае яўрэйскай рэлігіяй. Шабас быў якраз, субота, — Грэх жа брацца га работу. Крапіва.

2. Тое, што і ша́баш.

[Стараж.-яўр.]

шабасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

Разм. Святкаваць шабас. Звычайна шабасавалі [яўрэі] па корчмах. Бядуля.

ша́басавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шабасовы. Многа было ў мястэчку і такіх хат, у якіх у пятніцу вечарам запальвалі шабасавыя свечкі. С. Александровіч.

шабасо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шабасу (у 1 знач.). Шабасовыя свечкі. □ Сеў і з клунка.. [Сымон] вымае Рыбу, хлеб, кладзе па дол; Няхай Шлёма прабачае: Шабасовы гэта стол! Колас.

ша́баш, ‑у, м.

У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.

шаба́ш, ‑у́, м.

Разм.

1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.

2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.

[Стараж.-яўр.]

шаба́шнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто падраджаецца на прыватныя выгадныя заработкі.

шаба́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Быць шабашнікам. Ехаць шабашнічаць.

шаба́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм.

1. Канчаць работу; рабіць перапынак у рабоце. [Кізіла:] — Гэта ж маглі б пачынаць раскатку... І ў сераду б — шабашылі! Савіцкі.

2. Зневаж. Зарабляць грошы, выконваючы якую‑н. выгадную работу, акрамя асноўнай. [Цырлюкевіч:] — У мяне ж і дзед, і бацька... — Шабашылі? — перапыніў Аркадзь Апанасавіч. — Без нас не абыходзіліся. Кавалёў.

ша́бельнік ​1, ‑а, м.

Гіст. Спецыяліст па вырабу шабляў. Іван Анісімаў з Глыбокага, Рыгор Стасюкоў з Полацка і іншыя шабельнікі ездзілі ў Астрахань вучыцца рабіць булатныя клінкі. «Звязда». Некалькі сот гараджан прыйшло да ратушы. Былі тут шабельнікі, краўцы, фурманы. Шынклер.

ша́бельнік ​2, ‑а, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства ружакветных, якая расце на вільготных месцах. Ногі блыталіся ў высокай траве. Асака, дзікая канюшына, шабельнік... Аляхновіч.