Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

цяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца цяжкім (у 1–3 знач.) або больш цяжкім. Чым далей адыходзілі ад маёнтка, тым болей цяжэў мяшок з кнігамі. Каваленка.

2. Станавіцца цяжкім, рухацца, паднімацца, працаваць з цяжкасцю (пра часткі цела, галаву і пад.). Адчуўшы, як цяжэюць ногі, як калючым болем заходзіцца сэрца, .. [Косця] зразумеў, што яму не дагнаць .. [Надзю]. Лынькоў. Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым. Бураўкін.

3. Набрыньваць, абвісаць. Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Налівацца сокам; спець. Прыязджайце, як маці-зямля Малаком сваю ніву напоіць — І колас цяжэе. Арочка. Была.. пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі. Адамчык.

цяку́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць цякучага. І падумалася: мабыць, з гэтага пачуцця суму перад цякучасцю жыцця, імгненнасцю прыгажосці нараджаецца ў чалавеку цяга пісаць, маляваць, ляпіць. Адамовіч.

•••

Цякучасць кадраў — няўстойлівасць пастаяннага саставу кадраў (на прадпрыемствах, ва ўстановах) па пэўных прычынах.

цяку́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм. Дробныя штодзённыя справы, якія засланяюць галоўныя, асноўныя. У Валынца патрабавалі розныя даведкі, дакладныя запіскі, справаздачы, і цякучка заядала яго. Арабей.

цяку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які здольны цячы; вадкі. Цякучыя целы.

2. Які цячэ, знаходзіцца ў руху; праточны (пра ваду). Цякучыя воды.

3. перан. Які часта мяняецца; няўстойлівы, зменлівы. Цякучы састаў брыгады.

цяле́ж, целяжа, м.

Абл. Кароткае і тоўстае бервяно з камля. — Не ведаеш хіба, як у нас дровы возяць, па-шляхецку? На сабе. Высеча цялеж, — на плечы і панёс. Брыль.

цяле́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Спец. Ручная ці механічная павозка для перавозкі грузаў. Высокая чарнявая жанчына падкаціла цялежку да стала, пачала згружаць дэталі. Асіпенка.

2. Спец. Рухомая частка некаторых машын, тэхнічных канструкцый. Кранавыя цялежкі.

3. толькі мн. (цяле́жкі, ‑жак). У калёсах — пярэднія колы на восі з аглоблямі.

цяле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цяліцца.

цяле́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цялеснага (у 4 знач.). Прырода адкрываецца перад .. [лірычным героем] ва ўсёй сваёй першароднай свежасці, паўнакроўнай цялеснасці; уся яна ачалавечаная. «Маладосць».

цяле́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цела (у 1 знач.). Цялесныя ўласцівасці шара.

2. Які мае адносіны да цела чалавека, жывёлы; фізічны. Духоўныя і цялесныя сілы. // Які адчуваецца целам. Цялеснае пашкоджанне. □ — Бізуноў табе, баба, варта ўсыпаць за такі прадукт [самагонку]. Ды шчасце тваё, што мы супроць цялесных пакаранняў. Шамякін.

3. Жаўтавата-белы з ружовым адценнем; падобны на колер цела. Цялесны колер.

4. Які мае матэрыяльную аснову; проціл. духоўны. Цялесныя з’явы.

цялё,

гл. цяля.