Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

цэ́нзарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цэнзара. Нарэшце, Вісарыён убачыў нумар сваёй партыйнай газеты без аніякага знаку цэнзарскага алоўка. Самуйлёнак. На цэнзарскім агні згарэў увесь тыраж перакладу «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча, які зрабіў В. Дунін-Марцінкевіч у 1859 годзе. Семашкевіч.

цэнзу́ра, ‑ы, ж.

1. У старажытным Рыме — пасада цэнзара (у 1 знач.).

2. У капіталістычных краінах — нагляд за друкам, за зместам друкаваных твораў, пастаноўкай п’ес, кінафільмаў і пад. Царская цэнзура. Ваенная цэнзура. □ Усе газеты і пісьмы, адрасаваныя палітычным вязням у Лукішках, праходзілі строгую пракурорскую цэнзуру. Машара. Штораз часцей на старонках «Нашай нівы» белыя плямы: цэнзура лютуе. Мядзёлка. // Установа, якая ажыццяўляе такі пагляд. Друкаваўся Максім Танк і ў легальным камуністычным «Часопісе для ўсіх», які зноў жа быў забаронен цэнзурай на першым нумары. Бугаёў.

3. Прагляд твораў, якія прызначаюцца да друку, да пастаноўкі ў тэатры, або прагляд якой‑н. карэспандэнцыі, што ажыццяўляецца дзяржаўнай установай.

[Лац. censura.]

цэнзурава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да цэнзураваць.

цэнзурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Падвяргаць цэнзуры (у 2 знач.). Цэнзураваў .. [Печка] і тыя пакеты, і стандартныя бланкі для пісьмаў. Брыль.

цэнзу́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цэнзурнага (у 2 знач.).

цэнзу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэнзуры (у 2, 3 знач.). Цэнзурны нагляд. □ 80‑я гады мінулага стагоддзя былі гадамі жорсткай рэакцыі і лютых цэнзурных ганенняў. «Полымя».

2. Які адпавядае патрабаванням цэнзуры (у 2 знач.). Цэнзурныя матэрыялы. // Прыстойны. А ў другім канцы вуліцы два хлапецкія галасы «гарланілі» не зусім цэнзурныя прыпеўкі. Шамякін.

цэ́ннасць, ‑і, ж.

Выражаная ў грашовых адзінках вартасць чаго‑н.; цана. Пасылка з аб’яўленай цэннасцю.

цэ́ннік, ‑а, м.

Даведнік па цэнах, расцэнках на што‑н.; прэйскурант. — У вас ёсць які цэннік, каб устанавіць цэны на .. абсталяванне? Дубоўка.

цэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Каштоўны. Цэнныя паперы. Цэнная пасылка.

цэнт 1, ‑а, М ‑нце, м.

Дробная манета ў ЗША, Канадзе, Нідэрландах і шэрагу іншых краін, роўная адной сотай грашовай адзінкі (долара, гульдэна). Нік хадзіў поблізу на пляжы, прымаў заказы, збіраў заробленыя цэнты. Лынькоў.

[Англ. cent.]

цэнт 2, ‑а, М ‑нце, м.

У акустыцы — адзінка частотнага інтэрвалу, роўная 1/1200 актавы.

[Ад лац. centum — сто.]