багамо́льны, ‑ая, ‑ае.
Набожны чалавек, які многа і часта моліцца. Пануры і багамольны Нічыпар, дробны злодзей і скнара, не мог заўладаць зямлёй, яна заўладала ім. Чарнышэвіч.
багамо́льня, ‑і, ж.
Уст. Памяшканне для малення. Аднакурснік пачаў шаптаць, што касцёл гэты пабудавалі ў 1395 годзе на месцы языч[ніц]кай багамольні жонкі князя Вітаўта. Карпюк.
багара́, ‑ы, ж., зб.
Непаліўныя землі ў зонах арашальнага земляробства. // Пасевы на такіх землях.
бага́рны, ‑ая, ‑ае.
Сухадольны, без штучнага арашэння. Багарнае земляробства.
багаро́дзіца, ‑ы, ж.
У хрысціянскай рэлігіі — матка боская, маці Хрыста.
•••
Сядзець як багародзіца гл. сядзець.
багасло́ў, ‑лова, м.
1. Спецыяліст у галіне багаслоўя.
2. Навучэнец старэйшых класаў духоўнай семінарыі.
багасло́ўе, ‑я, н.
Вучэнне аб рэлігіі і яе догматах.
багасло́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да багаслоўя. Багаслоўскія кнігі. // Звязаны з дзейнасцю багасловаў. Багаслоўскія дыспуты.
бага́та,
1. Прысл. да багаты (у 1, 2 і 3 знач.).
2. Разм. Многа, у вялікай колькасці. Багата дзён прайшло. Багата вады ўцякло. □ Навокал было багата нерасталага снегу. Лынькоў.
бага́ткі, ‑так; адз. багатка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Тое, што і малачай, дзьмухавец. За аснову яны бралі тыя спажыўныя дзікарослыя расліны, якія вядомы нам з маленства: белы малачай альбо, як яго яшчэ завуць, багаткі, дзьмухавец, бралі званочкі, ключыкі, валяр’ян. Дубоўка.