Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хутка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову хуткі, напрыклад: хуткабежны, хуткакрылы.

хуткабе́жнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць хуткабежнага. Ёсць у гэтай хуткабежнасці часу нешта невыказна сумнае. Краўчанка.

хуткабе́жны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Хуткі ў руху. Дзе хуткабежных рэк задор, Дзе вадаспады, як віхор, Спачын чакае нас. Ліхадзіеўскі. // Які хутка праходзіць, кароткі ў часе. Хуткабежныя гадзіны.

хуткадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які хутка дзейнічае. Расказваючы пра электронныя хуткадзейныя вылічальныя машыны, Агей Міхайлавіч зазначыў, што на ўроках у школе яны вывучаюць толькі матэматычную азбуку. Шыловіч.

хуткакры́лы, ‑ая, ‑ае.

Хуткі ў палёце. Над галовамі са свістам праносяцца хуткакрылыя чыркі, кулікі, пралятаюць невялічкія чародкі шпакоў, лунаюць снежна-белыя чайкі. Ігнаценка. Уся мая пашана і табе, слаўны хуткакрылы Пегас! Паслядовіч.

хуткаплы́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хуткаплыннага. Адышло маленства, мінае маладосць, падыходзіць сталасць з яе справамі і турботамі, з роздумам пра час, пра хуткаплыннасць жыцця. Куляшоў.

хуткаплы́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і хуткацечны. Хаткі, хутаркі з дзікага каменю, чыстая, як сляза, хуткаплынная рэчка. Караткевіч. Вачэй не адарваць ад бяскрайніх прастораў, ад рэк хуткаплынных, ад тайгі велічнай, ад ззяючых на сонцы чорных хрыбтоў. Хадкевіч. Менавіта гэтае сутыкненне хуткаплыннай гістарычнай, нават штодзённай явы з вечнасцю, яе праекцыя на вечнасць надае твору [«Новай зямлі» Я. Коласа] мастацка-філасофскую вышыню, высокае гучанне. Навуменка. І нашы клёны разрасліся, І хуткаплынныя гады Пазамялі апалым лісцем Мае хлапечыя сляды. Бураўкін.

ху́ткасны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і скорасны. Можна ўдасканальваць станок, змяняць форму разца, пераходзіць на хуткаснае або сілавое рэзанне — шляхоў існуе многа. Шахавец.

хуткастрэ́льнасць, ‑і, ж.

Колькасць выстралаў, якую можна зрабіць з якога‑н. віду зброі ў адзінку часу.

хуткастрэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікую хуткастрэльнасць. [Аляшкевіч:] Скажам, возьмуць хлопцы ў немцаў хуткастрэльны кулямёт. Ні да чаго ён нам: патронаў шмат з’ядае. Карамазаў.