хуліга́ністы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Схільны да хуліганства. У яго ёсць свая кампанія з хлопцаў, сярод якіх — і асабісты непрыяцель Мішы з свайго ж двара, шасцікласнік-другагоднік Паўка, хлапец зухаваты, хуліганісты, задзірлівы. Хадкевіч.
2. Такі, як у хулігана. Хуліганісты выгляд.
хуліга́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Груба парушаць грамадскі парадак; займацца хуліганствам. [Дырэктар:] — Учора ўночы, пасля вашай нарады, некалькі студэнтаў хуліганіла, не давала спаць выкладчыкам: набралі лыжы і з’язджалі з трэцяга паверха па сходах. Карпюк. // Дзёрзка свавольнічаць. Вам усё бясплатна і ўволю. Вы... вы дармаеды! Вось! І яшчэ хуліганіце. Нядзведскі.
хуліга́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да хуліган.
хуліганнё, ‑я, н., зб.
Разм. Хуліганы. [Галіна:] «Ён жа .. [Толік] дружыннік і рознае хуліганнё і наогул усялякая погань баіцца яго як агню». Васілёнак.
хуліга́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хулігана, уласцівы яму. Хто-хто. □ Янук добра разумее сапраўдны сэнс хуліганскага ўчынку Гарыдаўца. Бярозкін.
хуліга́нства, ‑а, н.
Грубае парушэнне правіл грамадскага парадку, якое выражае яўную непавагу да грамадства, да годнасці чалавека; крайняе бясчынства. З’явіўся ў вёсцы і першы паліцэйскі. Гэта быў .. Міцька Заяц, які да вайны паспрабаваў не адну спецыяльнасць і адусюль яго выганялі за п’янкі і хуліганства. Шамякін.
ху́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.
1. У Іспаніі і краінах Лацінскай Амерыкі — назва розных аб’яднанняў, груповак, саюзаў.
2. Ваенная рэакцыйная тэрарыстычная групоўка. Ваенная хунта.
[Ісп. junta.]
хунху́з, ‑а, м.
Удзельнік шайкі бандытаў, грабежнікаў (у феадальна-буржуазным Кітаі).
[Кіт.]
хунху́зскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хунхуза.
хупа́вы, ‑ая, ‑ае.
Прыгожы, спрытны. Дзіва дый годзе: неаднойчы ён бачыў Зосю і толькі цяпер угледзеў такою, якая яна ёсць — стройную, хупавую і, галоўнае, добрую-добрую. Сабаленка.