Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца, станавіцца хмурным, воблачным. Чэзлі цьмяныя фарбы захаду на спадах гор, хмурнела далеч. Надыходзіла ноч. Самуйлёнак. Неба хмурнела. Зоркі пагаслі. Няхай.

2. перан. Станавіцца хмурным, панурым. Дзяўчына ўсё больш і больш хмурнела і гатова была заплакаць. Дамашэвіч. Калі [Іра] павітаецца, не глянуўшы мне ў вочы, я хмурнею і цэлы дзень думаю, што яна за нешта гневаецца на мяне. Марціновіч.

хму́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.

2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.

хму́ры, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і хмурны. Помню, хмуры ранак, у росах канюшына, толькі птушкі посвіст ды шляхі, шляхі. Чарнушэвіч. Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мералі шырокімі крокамі поле. Колас. Косця на першы погляд здаваўся дзяўчатам надта хмурым, няветлівым. Карпюк.

хмуры́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і хмара. Як хмурыны ў дзень асенні, Думкі-словы гоніць памяць: — Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое... Трус. Хмурына, поўнячыся сілай, Уперад рушыла тады, Дзесь угары перакуліла Збанкі, паўнюткія вады. Калачынскі.

хмуры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да хмурына; хмарка, воблачка. На небе ні хмурынкі; сонца пячэ, як летам. Пташнікаў. Неба сіняе-сіняе, плывуць па ім, нібы гусі-лебедзі, белыя хмурынкі. Навуменка. // перан. Пра тое, што азмрочвае, засмучае. А нада мной, як рой, снуюць Хмурынкі горкага адчаю. Астрэйка.

хму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца хмарамі, станавіцца хмурным (пра неба). Неба хмурылася і хмурылася, здавалася, вось-вось пойдзе дождж. Федасеенка. // Станавіцца пахмурным, хмарным (пра пагоду). Шырокае мора бясконца шуміць... Не хмурся дажджом, далягляд. Жычка. Не дзень, не два ўжо хмурылася надвор’е. Мыслівец. / у безас. ужыв. Навокал, нізка над даляглядам, як быццам хмурылася, пагруквала, таямніча і насцярожана, а дождж усё не ішоў. Брыль.

2. перан. Станавіцца хмурным, насупленым. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў. // Моршчыцца, насуплівацца, выражаючы неспакой, хваляванне, турботу, злосць (пра лоб, бровы). Сінія вочы іскрыліся просьбай, разгублена хмурыліся бровы. Лынькоў. // Злавацца на каго‑н. [Саша:] — А я, дзівак, лічыў, што ты [Вася] ад зайздрасці, што сам не пабыў дома, хмурышся на мяне. Шуцько. Вельмі не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Бядуля.

хму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Панура або задумліва моршчыць, насупліваць (лоб, бровы). Аксён хмурыць лоб. Відаць, як блізка прымае ён гэта ўсё да сэрца. Колас. І не хмур, каханы, бровы: Хмурыць іх няма прычыны. Астрэйка.

хмыз, ‑у, м.

Тое, што і хмызняк. Лес густы, скрозь зарос хмызам, арэшнікам, лазою. Сачанка.

хмызня́к, ‑у, м.

Кусты, зараснікі дробных маладых дрэўцаў. Лес быў густы, з непралазнымі хмызнякамі. Якімовіч. Беражыстая рэчка ўтапілася ў хмызняках і лазе; спрадвеку жалобна журчыць пра людскія надзеі, як сведка таго, што было. Каваль.

хмызняко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хмызняку. Хмызняковыя зараснікі. // Які расце кустамі. Хмызняковая расліннасць.