Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

факстро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факстрота. Факстротная музыка.

факт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты. Рамановіч. // Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова. Мікуліч. Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў. Паслядовіч. Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі. Кулакоўскі.

2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам. Чорны. // Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Колас. / у знач. вык. Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт. Хадкевіч. [Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт. Ермаловіч.

3. у знач. сцвярджальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт! Каршукоў.

[Ад лац. factum — зробленае.]

фактаграфі́чнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць фактаграфічнага. Фактаграфічнасць рамана.

фактаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Заснаваны на фактаграфіі, на апісанні фактаў без іх аналізу.

фактагра́фія, ‑і, ж.

Кніжн. Апісанне фактаў без іх аналізу, абагульнення.

[Ад лац. factum — зробленае і грэч. graphō — пішу.]

фа́ктар, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Момант, істотныя абставіны ў якім‑н. працэсе, з’яве. Кожная сцэна служыць асноўнай задачы: яна дапамагае раскрыць унутраны, маральны фактар бітвы праз псіхалогію воінаў. Дзюбайла. [Палкоўнік:] — Нечаканасць — вельмі важны фактар у баі. Новікаў.

2. ‑а. Уст. Пасрэднік, камісіянер. Аканомам хлопца прызначаць было рана, і таму пан зрабіў яго чымсьці накшталт фактара і перакупшчыка, з пенсіяй трыццаць рублёў месячныя ды яшчэ з панскім жыллём, вопраткай і ежай. Караткевіч.

3. ‑а. Уст. Кіраўнік тэхнічнай часткі друкарні, які ажыццяўляе сувязь друкарні з яе кліентамі. Калі выдавец увайшоў у друкарню, дык наборшчыкі пачалі пырскаць і фыркаць. Фактар растлумачыў іх весялосць, прызнаўшыся яму, што наборшчыкі паміралі са смеху, набіраючы яго кнігу. Клімковіч.

[Лац. factor — які робіць, стварае што‑н.]

фа́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да фактара (у 2, 3 знач.). Фактарская пасада.

фа́ктарства, ‑а, н.

Уст. Занятак, пасада фактара (у 2, 3 знач.). Зарабляць грошы фактарствам.

факто́граф, ‑а, м.

Той, хто апісвае факты, не аналізуючы іх. Нават пры апісанні рэальнага выпадку пісьменнікі не застаюцца простымі фактографамі. Пшыркоў.

факто́рыя, ‑і, ж.

1. Гандлёвая кантора і пасяленне еўрапейскіх купцоў у каланіяльных краінах. Засталіся руіны рымскіх крэпасцей і грэчаскіх факторый, астаткі старадаўніх паселішчаў. Самуйлёнак.

2. Пункт, які займаецца закупам прадметаў промыслу і гандлем у аддаленых прамысловых раёнах. Факторыя — гэта вялікі магазін, куды паляўнічыя прывозяць пушніну і дзе атрымліваюць за яе розныя тавары і грошы. Бяганская.

[Англ. factory.]