уха́бістасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ухабістага. Ухабістасць дарогі.
уха́бісты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты вялікай колькасцю ўхабаў, з ухабамі. Дарога ўхабістая, гразкая, і ехаць можна толькі ступою, асабліва ноччу. Галавач. Машына выехала ўжо за горад, неслася па ўхабістай дарозе, быццам уцякала ад некага. Арабей.
ухава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ухаваць.
ухава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Зберагчы сябе, пазбегнуць якой‑н. небяспекі, чаго‑н. шкоднага, непажаданага; уберагчыся. У мелкіх, зробленых на скорую руку акопах цяжка было ўхавацца. Лобан. // Захавацца ў цэласці; не прапасці. [Казік:] — Нічога ж [з дакументаў] не засталося, ні дзедавага пашпарта, ні яго даведак, а картка гэта ўхавалася і блукала ўслед за мной... Васілевіч.
ухава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Хаваючы, зберагчы што‑н. — Дык і хлеб жа ваш згарыць. — Не згарыць. Мы ведаем, як яго ўхаваць, — у снег пазакопваем, і ён мёрзлы там да вясны можа праляжаць. Сабаленка. // Прыхаваць што‑н. [Глушак:] — Толькі і ўхаваў, што пяць мяшкоў на картаплянішчы за грушай. Мележ.
2. Утаіць што‑н. ад каго‑н. [Каваль:] — Мае грахі вядомы, але ён [Валодзька] свае чаго хавае? Усё адно не ўхавае. Чорны.
ухадзі́цца, ухаджуся, уходзішся, уходзіцца; зак.
Закончыць, завяршыць якую‑н. работу; управіцца. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас.
ухаласту́ю, прысл.
Без карысных вынікаў, дарэмна. Матор працуе ўхаластую. □ Шафёр.. газануў — колы закруціліся ўхаластую, ні ўзад, ні ўперад. Гроднеў. Дзераш бачыць, што рабочыя многа працуюць ухаластую, рухаюцца ў беспарадку, і Дзераш падае ім ідэю канвеера. Арабей.
уха́пісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Прыдатны для хапання. Лапкі ў крыжадзюбаў учэпістыя, дзюба ўхапістая. «Звязда».
ухапі́ўшы,
Дзеепрысл. зак. ад ухапіць.
•••
Як жару (агню) ухапіўшы — вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.).
ухапі́цца, ухаплюся, ухопішся, ухопіцца; зак.
1. Паспешна схапіцца, моцна ўзяцца за каго‑, што‑н.; учапіцца. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Колас. Нешта незразумелае рабілася з Краўчанкам. Ён да болю моцна ўхапіўся пальцамі за ручку крэсла. Мікуліч. // Заняцца якой‑н. справай. [Арына Антонаўна:] — І як табе не сорам, стары? Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. М. Ткачоў.
2. перан. Пачаць хутка, адразу рабіць што‑н.; прыняцца за што‑н. Пакуль мы прыехалі, пушча ўжо гаманіла звонам піл і стукам сякер. Мы прывязалі Арла на ўзлеску, падкінулі яму сена і таксама ўхапіліся за работу. Якімовіч. Ад ветру, ці ад пытання камандзіра палка.. [Кацярына Васільеўна] адразу пачырванела. Ухапілася папраўляць валасы, што выехалі з-пад вушанкі. Алешка.
3. перан. Праявіць асобую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах. «А чаму б табе не заехаць на дзень-два да мяне?» — нарадзілася ў.. [Паходні] думка, і ён ухапіўся за яе, як за шчаслівую знаходку, нават настрой пасвятлеў. Хадкевіч. Цімох Будзік.. запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт. Колас.
•••
Абедзвюма рукамі ўхапіцца за каго-што — з вялікай ахвотай згадзіцца з якой‑н. прапановай, з радасцю выкарыстаць каго‑, што‑н.
Ухапіцца за розум — адумацца, абразуміцца.