Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

улу́каткі, прысл.

Абл. Зігзагам. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой, а неяк улукаткі, як падае ліст з дрэва пры ціхай пагодзе. Дамашэвіч. Абмінаючы лужыны, хлапчук бег улукаткі па двары. Пальчэўскі.

улупі́ць, улуплю, улупіш, улупіць; зак., чым, па кім-чым, каму.

Разм. Ударыць, агрэць. Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасць свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані — можа б і вырваўся. Быкаў. [Чумак] пацягнуў носам паветра, чмыхнуў і з такой ярасцю ўлупіў сякерай, што буйныя, малінавага колеру трэскі .. паляцелі за будан. Савіцкі.

улу́с, ‑а, м.

1. Уладанне мангольскага хана на тэрыторыі Цэнтральнай Азіі і Усходняй Еўропы.

2. Пасяленне, стойбішча ў народаў Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі, Сібіры і ў калмыкаў.

3. У Якуціі да 1926 г. — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, якая адпавядала раёну.

[Манг.]

улу́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да улуса, належыць улусу. Улусны сход. Улусная зямля.

улуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да улучыць.

улучы́ць, улучу, улучыш, улучыць; зак.

1. што. Знайсці, выбраць зручны час для чаго‑н. Яшчэ і яшчэ раз высылалі большага хлопчыка глядзець, каб улучыць момант і прарвацца. Гарэцкі. Нарэшце Цярэшка ўлучыў хвіліну і перабег вуліцу. Мікуліч.

2. Цэлячы, папасці ў каго‑, што‑н. [Баба:] — І пачаў Мядзведзь шпурляць з печы падушкі-дзяружкі, каб улучыць па званочку. Брыль.

3. каго. Далучыць да каго‑, чаго‑н. (пра жывёл). Улучыць авечку ў чараду.

ультра...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: крайні, найвышэйшы, які знаходзіцца за межамі чаго‑н., напрыклад: ультракансерватар, ультрамарынавы, ультракароткі.

[Лац. ultra — за межамі, звыш.]

ультрааку́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Галіна навукі і тэхнікі, звязаная з вывучэннем і прымяненнем ультрагуку.

ультрагу́к, ‑у, м.

Спец. Гук, утвораны хістаннямі высокай частаты (не ўспрымаецца вухам чалавека).

ультрагукавы́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які звязаны з ультрагукам, утварае ультрагук. Ультрагукавыя хвалі. // Заснаваны на выкарыстанні ультрагуку. Ультрагукавая тэрапія.