улада́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць уладарнага (у 2, 3 знач.).
улада́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які валодае правам наследавання ўлады. Уладарны князь.
2. Схільны загадваць, падначальваць сабе. Уладарны характар. □ [Старшыня] усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву..: — Значыць, як дамовіліся. Быкаў. // Які выражае загад; настойлівы, патрабавальны. Калі мы з Сяргеем памкнуліся бегчы разам з усімі, пачуўся ўладарны голас Кімы: — Радысты, назад! Няхай. // Здольны рабіць моцны ўплыў на каго‑н. Уладарная прыгажосць.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уладарны наступ вясны. □ Уладарная сіла яго, гэтага аптымізму, як той незгасальны агеньчык, цяплілася недзе глыбока ў душы і сагравала неспакойную, прагную да ведаў, натуру юнака. Майхровіч.
улада́рства, ‑а, н.
1. Вярхоўная ўлада, панаванне.
2. Нерухомая маёмасць, якой валодаюць як уласнасцю; уладанне (у 3 знач.). Пану Гюнтэру Ліндэ трэба было аб’ездзіць усе трыццаць гектараў свайго ўладарства. Бядуля.
улада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. Правіць краінай, дзяржавай; быць уладаром, мець уладу над кім‑, чым‑н. Уладарыць над прыродай. □ Старая ўладарыла .. [у доме] і пачынала кожны новы дзень трохі не пасярод ночы. Шамякін. Пачалі глядзець навокал мы далёка і глыбока. Уладарым у паветры, зазірнулі мы і ў нетры. Дубоўка.
2. перан. Панаваць, займаць пануючае становішча. Над зямлёю восень уладарыць. Азірае пожні і бары. Ляпёшкін. І толькі ў буру-непагоду, Калі ўладарыць шторм адзін, Парою з дна марскога воды На бераг выплеснуць бурштын. Тарас. За акном стоена і ціха ўладарыла зімовая ноч. М. Стральцоў.
улада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Мець у сваёй уласнасці, распараджацца кім‑, чым‑н. Уладаць крыніцамі сыравіны. □ [Чалавек:] — Не відаць ні табе, ні такім, як ты, беднякам дабра да таго часу, пакуль цар і багацеі ўсім будуць уладаць і ў сваіх руках уладу трымаць. Якімовіч.
2. Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. [Старэйшая дзяўчына] ўладала тым хараством вобліку, калі не замінае нічога лішняга, нічога не дадасі і нічога не паправіш. Лужанін.
3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. [Салдат:] «І нага сапсавана, і правай рукой я, на ліха, бадай не ўладаю...» Дубоўка.
4. перан. Трымаць у сваёй уладзе; ахопліваць (пра пачуцці, думкі і пад.). Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам: страх быць злоўленым уладаў ім бесперапынна. Чорны. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне. Караткевіч.
ула́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уладзіць (у 1–3, 4 і 7 знач.).
ула́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. уладжваць — уладзіць (у 1–3 і 7 знач.).
ула́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уладзіцца.
2. Зал. да уладжваць.
ула́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уладзіць (у 1–5 і 7 знач.).