Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узаткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Разм.

1. Насадзіць, надзець на што‑н. вострае. Адам моўчкі развязаў сваю торбачку, дастаў адтуль .. кавалак сала і,.. узаткнуўшы па завостраны штышок, пачаў круціць над полымем. Нікановіч.

2. Наспех абуць што‑н.; уссунуць. Узаткнуць боты на босыя ногі.

уза́хапы і уза́хапкі, прысл.

Разм. Наперабой; адзін перад адным. За спрыт у аддзяку Сустрэць яе [нафту] узахапы выпаліць: «Пайшла!» Калачынскі. Калгаснікі ўзахапкі пачалі касіць іржышча, падграбаючы яго разам з аўсом. «Звязда».

узахлёб, прысл.

Разм. Захлёбваючыся; таропка; заўзята. Сябры віншавалі разбуджанага Руневіча, зноў віншавалі адзін аднаго, ціха, узахлёб смяяліся. Брыль. Не чакаючы далейшых пытанняў, [Мікешка] ўзахлёб пачаў расказваць, што здарылася ў воданапорпай вежы. Беразняк. Не ўмеюць часам і крытыкаваць. Крытыкуюць — на знішчэнне. Хваляць — узахлёб. Шамякін.

узаця́жку, прысл.

Зацягваючыся, удыхаючы на ўсе грудзі (курыць, дыхаць і пад.). Курыў [стары] доўга, узацяжку, думаў. Надзя таксама не спала. М. Ткачоў. Першы раз Міхась смаліў узацяжку. Чэрня. Дождж прайшоў — І з сэрцам гладзіць цяжка: Птушкай рвецца ў чыстае раздолле! І на грудзі поўныя, узацяжку, Не надыхацца ніяк уволю. Гілевіч.

узбагаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Разбагацець, стаць багатым. [Ян:] — Узбагацела, гадаўка, бацьку пахаваць не прыехала. Чарнышэвіч.

узбагаці́цца, ‑гачуся, ‑гацішся, ‑гаціцца; зак.

1. Разм. Стаць багатым, разбагацець.

2. перан. Папоўніцца чым‑н., набыць што‑н., стаць больш багатым па саставу, зместу і пад. Бібліятэка ўзбагацілася новымі выданнямі. Узбагаціцца вопытам. □ Прамысловасць горада ўзбагацілася прадпрыемствамі, якіх тут не было да вайны. Хадкевіч. Наша мастацкая проза рабіла першыя крокі тады, калі руская літаратура ўзбагацілася бессмяротнымі творамі. Пшыркоў.

узбагаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць багатым, заможным. [Паранены:] — Ратуйце... Усё жыццё дзякаваць буду, узбагачу... Усё аддам... Шамякін.

2. перан. Зрабіць больш багатым, разнастайным па саставу, зместу і пад. Новыя раманы ўзбагацілі літаратуру. Узбагаціць сваю памяць. □ — Што дала мне [мастацкая] студыя? Яна ўзбагаціла мяне тэхнікай. Сяргейчык. — Назіранні далі мне шмат цікавага, і жыццё на возеры ўзбагаціла мяне новымі ведамі і ўражаннямі. В. Вольскі.

узбага́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узбагаціць.

узбагача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узбагаціцца.

2. Зал. да узбагачаць.

узбагача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узбагаціць.