удаві́ца, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і удава. Хоць ёй было ўжо далёка за сорак і ўдавіца добра-такі раздалася ў стане, яна яшчэ маладзілася і паглядала на мужчын. Машара.
удаві́цца, удаўлюся, удавішся, удавіцца; зак.
Задыхнуцца ад чаго‑н. засеўшага ў горле. Удавіцца кветкай. Удавіцца яблыкам. // Лаянк. Ужываецца як праклён. [Сяргей:] — Калі так, дык на чорта мне і дачка твая, бяры яе з грашыма сваімі, удавіся... Галавач.
удакладне́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. удакладняць — удакладніць.
2. Думка, падрабязнасці дэталь і пад., якія ўдакладняюць раней сказанае ці напісанае. [Леў Раманавіч:] — Сказана вобразна, але патрабуецца такое-сякое ўдакладненне. Асіпенка.
удакла́днены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад удакладніць.
удакладні́цца, ‑ніцца; зак.
Стаць больш дакладным.
удакладні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Зрабіць больш дакладным, надаць большую дакладнасць чаму‑н. Удакладніць спісы. Удакладніць звесткі. □ Крэдам паэта прагучаў верш «Я толькі сонцу і зайздрошчу»... У сваім другім зборніку В. Макарэвіч гэтае крэда значна ўдакладніў. Лойка. Палонны тэлефаніст удакладніў .. расказ [афіцэраў], паведаміўшы змест тэлефоннай размовы паміж камандзірам шостай роты і нябожчыкам фон Адлерам. Шамякін. // Больш дакладна разведаць, устанавіць. — Звяжыся з палкамі, удакладні абстаноўку, — загадаў .. [генерал] падпалкоўніку — начальніку разведкі. Мележ. У Сямёнавай кішэні ляжалі .. паперы. Адна — «Копія магілёўскаму губрэўкому .. Просім удакладніць месцазнаходжанне [карцін] і да прыезду туды асобага ў паў паважанага камісара забяспечыць недатыкальнасць і захаванасць». Чыгрынаў. // без дап. Паясніць, сказаць з большай дакладнасцю. — А з замужжам таксама як быццам справа ўладжана... пажартавала .. [Алеся] і ўдакладніла: — Ёсць муж і сын. Васілевіч.
удакладня́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да удакладніцца.
2. Зал. да удакладняць.
удакладня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да удакладніць.
удале́ц, ‑льца, м.
Смелы, адважны, храбры чалавек. Многа зім і лет мінае. Днём і ноччу з той пары Удальца яна [дачка цара] чакае — Не імчыцца конь з гары. Зарыцкі.