Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

тры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

1. Гаварыць без памяці, будучы цяжка хворым або ў сне. Пасля навальнічнай ночы Косцік захварэў. Ён увесь гарэў, нібы ў агні, ноччу трызніў, усхопліваўся з пасцелі, клікаў да сябе старэйшых. С. Александровіч. Узнялася тэмпература, і малая трызніла, страшна водзячы вачыма. Брыль. Маці спалохалася яшчэ больш, калі пасярод дня — першага дня новага года — Славік раптам пачаў трызніць і кідацца на ложку. Шамякін.

2. Гаварыць з упэўненасцю аб тым, чаго няма, не існуе; галюцыніраваць. Бяссмерцем трызню? Хай мяне яно, як чужака, міне. Рудкоўскі.

3. У моцным захапленні думаць і гаварыць усё пра адно. Трызніць [Качан] аб ёй і дзень і ноч, а сказаць што-небудзь дзяўчыне не можа. Васілёнак. Мы [хлопцы], як і ўсе ў нашай школе, трызнілі аб космасе. Шыцік. Горада .. [Ціхамір] так і не пабачыў. Але забываць не забываў пра яго. І вось у гэтае лета рашыў наведацца — раптам падумаў, навошта вечна трызніць. Чыгрынаў. // Марыць аб тым, што не можа здзейсніцца, што даўно прайшло і больш не вернецца. Не дрэмлючы,.. [Васіль] трызніў гумном, цэпам з выслізганым цапільнам, бачыў пусты ток. Мележ. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік.

трызу́бец, ‑бца, м.

Жазло з трыма зубцамі — атрыбут бога мораў у грэчаскай і рымскай міфалогіі. Трызубец Нептуна. // Прылада ў выглядзе наканечніка з трыма вострымі зубцамі на доўгім дрэўку; мае рознае прызначэнне. [Янук] змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй. Караткевіч. Гушчар павалены адкідвай Трызубцам вострым, што ў руках. Пысін.

трызу́бы, ‑ая, ‑ае.

З трыма зубамі, зубцамі. Трызубыя восці.

трыката́ж, ‑у, м.

1. Тканіна машыннай вязкі. Шаўковы трыкатаж.

2. зб. Вырабы з такой тканіны. Спартыўны трыкатаж. Верхні трыкатаж,

[Фр. tricotage.]

трыката́жнік, ‑а, м.

Работнік трыкатажнай прамысловасці.

трыката́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да трыкатажнік.

трыката́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з вытворчасцю трыкатажу. Трыкатажная фабрыка. Трыкатажная прамысловасць. // Прызначаны для вырабу трыкатажу. Трыкатажная машына.

2. Зроблены з трыкатажу. Трыкатажныя вырабы. Трыкатажны касцюм.

трыкаці́н, ‑у, м.

Тканіна, якая сваім вырабам нагадвае трыкатаж.

[Фр. tricotone.]

трыко́, нескл., н.

1. Шарсцяная тканіна ўзорнага пляцення для верхняга адзення. Касцюмнае трыко.

2. Трыкатажнае адзенне, якое шчыльна аблягае цела і выкарыстоўваецца як тэатральны або спартыўны касцюм. Гімнастычнае трыко. Спартыўнае трыко.

3. Жаночая бялізна з трыкатажу, якая прыкрывае ніжнюю частку тулава да пояса.

[Фр. tricot.]

трыко́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Зроблены, пашыты з трыко (у 1 знач.). Трыковы пінжак,