Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тацця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Фасон жаночай сукенкі, у якой ліф гладка прыстае да фігуры, а спадніца шырокая ў зборкі.

тача́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лёгкая рысорная павозка з адкрытым кузавам для запрэжкі пары коней. Туравец адчуваў .. плячо [Марыі Андрэеўны], якое ад пакалыхвання тачанкі то прыпадала лёгка да яго, то аддалялася. Мележ. // Павозка такога тыпу, забяспечаная кулямётам (у кавалерыі перыяду грамадзянскай вайны). Во спачатку йдзе пяхота, За ёй конніца і танкі, На машынах едуць роты, А там — быстрыя тачанкі. Купала.

та́чачнік, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца перавозкай якіх‑н. грузаў на тачцы. А колькі тут павінна было б працаваць тачачнікаў, каб перавезці такія горы грунту да дамбы! «Полымя».

та́чачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тачкі. Тачачнае кола.

та́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Ручная каляска на адным коле, якую возяць, трымаючы за ручкі і штурхаючы перад сабою. Скінуўшы пінжак і берэт, .. [таможнік] у момант пагрузіў чамадан на багажную тачку і выкаціў яе на вуліцу. Лынькоў. На другі дзень [Пеця] прыйшоў са школы позна, прыкаціў на двор тачку — лёгенькую, на адным жалезным коле. Ракітны.

тачы́ла, ‑а, н.

Тачыльны камень, а таксама станок для навострывання рэжучых інструментаў. Тачыла, як велізарны круглы пірог, тырчала паміж дзвюх прыбітых да станка дошак. Броўка. У саўгаснай кузні малады хлопец налягаў на тачыла. Стары прыціскаў да каменя ржавае жалеза. Чорны.

тачы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Інструмент для вастрэння нажоў, брытваў, кос і пад. Завод яшчэ стаяў, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: не рухаліся нядаўна спыненыя начною зменаю варштаты, не шыпелі разцы і зубілы, не ляскала электрычнае тачылка. Гартны.

2. Разм. Машынка для завострывання алоўкаў. Яшчэ на перапынку .. [Коля] праверыў алоўкі, некаторыя падвастрыў тачылкай. Шыловіч.

тачы́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для навострывання рэжучых інструментаў. Тачыльны камень.

тачы́льня, ‑і, ж.

Тачыльная майстэрня.

тачы́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца навострываннем рэжучых інструментаў.