та́ры-ба́ры, нескл.
Разм. Пустая размова, балбатня. Высокі, бялявы [хлопец] .. падыходзіць да цёткі, кланяецца ў пояс: — Прабачце, калі ласка. Тары-бары нам некалі разводзіць.. Мы шукаем гарманіста. Жычка. Трэба было сабраць усю сілу волі, каб не пачаць вось гэтак весці з ім [дзядзькам] тары-бары, і брацца за больш сур’ёзную справу. Карпюк. — Адчапіся! — лена махнула рукой гаспадыня. І да Марыхен: — А ты... ты не павінна тут разводзіць з .. [хлопцамі] свае дурныя тарыбары. Брыль. // у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. гаварыць, балбатаць. Яму — пра справу, а ён — тары-бары.
тарэадо́р, ‑а, м.
Удзельнік бою быкоў на арэне.
[Ісп. toraedor.]
тарэадо́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тарэадора, уласцівы яму, належыць яму. Тарэадорскі плашч.
тарэ́ўтыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Майстэрства ручной рэльефнай апрацоўкі мастацкіх вырабаў з металу шляхам чаканні, ціснення, аддзелкі літых вырабаў.
[Ад грэч. toréuō — вырэзваю, чаканю.]
тарэ́ц, ‑рца, м.
1. Папярочны зрэз. Тарэц дошкі. Тарэц палена. // Папярочнае сячэнне, абрэз чаго‑н. Тарэц калоны. Тарэц трубы. // Спец. Бакавая (кароткая) старана будынка, збудавання і пад. Тарэц дома.
2. Кароткі, звычайна шасцігранны брусок для машчэння вуліцы. // Маставая з такіх брускоў. Прытупленыя падковы [каня] коўзалі па гладкім, выслізганым тарцы. Гартны.
тасава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. тасаваць.
тасава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад тасаваць.
тасава́цца, ‑суецца; незак.
Зал. да тасаваць.
тасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.
Перамешваць (ігральныя карты). Банкір пачаў зноў тасаваць карты. Колас.
та́саўскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да ТАСС. Тасаўскае паведамленне. Тасаўская тэлеграма.