таі́ць, таю, тоіш, тоіць; незак., каго-што.
1. Трымаць што‑н. у тайне, скрываць ад іншых. [Саша:] — Марыя Сяргееўна! Вы нічога не таіце ад мяне. Я ўсё хачу ведаць. Шамякін. Сурова і гнеўна выступалі суддзі... Яны абвінавачвалі Варатніцкага не толькі ў тым, што быў паліцэйскім, але і ў тым, што таіў сваё мінулае, хлусіў. Дадзіёмаў. // Захоўваць у сабе, у сваёй душы, не паказваючы перад другімі, хаваючы ад другіх (пачуцці, думкі). І раптам .. [Астаповіч] пачаў бачыць, што ўсё тое, што ён толькі для самога сябе таіў у душы, вядома ўсім. Чорны. Макараў .. скінуў парашут і, тоячы незвычайнае хваляванне і радасць, цвёрдым крокам падышоў да Кудлача, збіраючыся выпрасіць яшчэ адзін палёт. Алешка.
2. Мець, заключаць у сабе што‑н. знешне непрыкметнае, яшчэ не выяўленае. [Дзед Талаш] востра ўглядаецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае. Колас. Ніводнаму, нават самаму магутнаму розуму не ўдалося яшчэ дасюль разгадаць, колькі нявыкрытых дзіў і магчымасцей тоіць у сабе наша зямля. Лужанін. І колькі яшчэ тоіць .. [Урал] у сабе нязведанага! Шынклер.
•••
Няма чаго граху таіць; што (чаго) грэх таіць — нечага скрываць, трэба прызнацца.
тайга́, ‑і, ДМ тайзе, ж.
Хвойныя лясы поўначы ўмеранага пояса Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, якія складаюцца з елкі, піхты, лістоўніцы, сасны, а таксама невялікай колькасці ліставых народ. Нахмураная тайга абступіла з абодвух бакоў чыгуначную лінію. Васілевіч.
[Якуцкае.]
тайко́м, прысл.
Непрыкметна, цішком, употай. [Пятро] дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць. Шамякін. І па табе начамі маці плача, Зашыўшыся ў куток глухі тайком. Астрэйка.
тайм, ‑а, м.
У спартыўных гульнях з мячом (футбол, хакей і пад.) — перыяд часу, у які ідзе гульня. Першы тайм футбольнага матча.
[Ад англ. time — час.]
тайме́нь, ‑я, м.
Рыба сямейства ласасёвых, якая жыве ў рэках Сібіры.
та́ймер, ‑а, м.
Прыбор, які пасля сканчэння зададзенага прамежку часу аўтаматычна ўключае (выключае) машыну, апарат, устройства вытворчага ці бытавога прызначэння або сігналізуе аб наступленні моманту іх уключэння (выключэння).
[Англ. timer.]
тайм-а́ўт, ‑а, М ‑аўце, м.
У спартыўных гульнях (баскетболе і пад.) — прадугледжаны правіламі перапынак у гульні па просьбе каманды або яе трэнера.
[Англ. time out.]
та́йна 1, ‑ы, ж.
1. Тое, што хаваецца, адрываецца ад іншых, што вядома не ўсім; сакрэт. Ваенная тайна. Тайна перапіскі. □ І раптам .. [Вера] поўнасцю зразумела, што Ніна не хоча раскрываць тайны, не давярае ёй, і слёзы крыўды бліснулі на вачах. Мікуліч. Усе свае дзеянні піянеры вырашылі трымаць да часу ў тайне ад дарослых. Курто.
2. Тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана; скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Тайны будовы матэрыі. Тайны палярнага ззяння. □ Перад чалавекам стаяць яшчэ мільёны неразгаданых тайн прыроды, жыцця і смерці. Лынькоў. Выгнаць тайны акіяна — Вось імкненне іх [вучоных] і план. А. Александровіч. // Тое, чым чалавек яшчэ не авалодаў. Кожную вольную хвіліну [Аляксандра Іванаўна Клімава] выкарыстоўвае для таго, каб глыбей пранікнуць у тайны драматычнага мастацтва. «Маладосць». Люба спазнала тайну граматы. Чытаць — гэта было таксама вялікай асалодай. Кудраўцаў.
та́йна 2, прысл.
Скрытна ад іншых. Пакідаю я тайна пад час развітання Разам з сэрцам жывыя надзеі свае... Бачыла. Слёзы людскія, слёзы людскія!.. Тайна ліліся, адкрыта ліліся. Падалі долу гарачым дажджом. Колас.
та́йнапіс, ‑у, м.
Умоўнае тайнае пісьмо; крыптаграфія. Чытанне тайнапісу.