Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

сярпу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных.

сярпя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Лёгкая баваўняная тканіна рэдкага пляцення.

сярэ́бранік ​1, ‑а, м.

Уст. Старажытныя дробная сярэбраная манета.

сярэ́бранік ​2, ‑а, м.

Спецыяліст па серабрэнню рэчаў і чаканцы серабра. Прыгожым прыкладам мастацтва сярэбранікаў у XIV стагоддзі з’яўляецца аклад Лаўрышаўскага евангелля. «Беларусь».

сярэ́бранік ​3, ‑у, м.

Абл. Дуброўка. Дуброўка, або, як яе завуць у другіх мясцінах, гарлянка, сярэбранік, гартанная трава. Тая самая дуброўка, з дробнымі жоўтымі красачкамі. А ў ёй, аказваецца, поўная аптэка. Дубоўка.

сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

сярэбраплаві́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выплаўкі серабра з руд. Сярэбраплавільная печ.

сярэ́дзіна, ‑ы, ж.

1. Месца, прыблізна аднолькава аддаленае ад краёў, канцоў чаго‑н.; цэнтр. Кашлянуў бацька за печкай і ўрэшце ўстаў і выйшаў на сярэдзіну хаты. Пестрак. Крочыць Чарнавус сярэдзінаю вуліцы і ўсё-такі натыкаецца на плот. Кулакоўскі. Сеў [брат] у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Якімовіч. — Вочы б мае на іх не глядзелі! — сказала Антаніна Арцёмаўна і бразнула талерку на сярэдзіну стала. Васілёнак. // Сярэдняя частка чаго‑н. Уперадзе гарэў мост. Сярэдзіна яго завалілася. Лынькоў. Сярэдзіна лесу была ўзгоркавая. Маўр. // Унутраная частка чаго‑н.; тое, што знаходзіцца дзе‑н. унутры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Петушонак, сагнуўшыся, прысеў над падрапаным партфелем, хуценька адшпіліў яго і палез у сярэдзіну. Пташнікаў. Сярэдзіна ў дрэва амаль выгніла, а яно ўсё стаіць. Паўлаў.

2. Час, прыблізна аднолькава аддалены ад пачатку і канца чаго‑н. [Саракушы] паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца ў сярэдзіне мая. В. Вольскі. Бралася недзе пад сярэдзіну дня, але палуднаваць, мусіць, было ранавата. Каваленка. // Прамежкавы момант у развіцці, ходзе чаго‑н. Сярэдзіна размовы. □ Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны. Брыль.

3. Прамежкавая пазіцыя ў чым‑н. Прызнацца, Бывае, што салідны кіраўнік Ад крайнасці да крайнасці прывык Хістацца, — Сярэдзіны няма ў ягонай працы. Корбан.

4. Разм. Паясніца. Віктар падышоў да .. [Домны], абняў за сярэдзіну і пасадзіў сабе на калені. Лобан. Не дачакаўшыся адказу, Лях хапіў Ільку.., прыціснуў падбародак к плячу, як кляшчамі абхапіў сярэдзіну. Каваль. // (звычайна з прыназоўнікам «у»). Вантробы, нутро. [Жарнавік] так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

•••

Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеянняў, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі.

сярэ́дне, прысл.

Разм.

1. Ні добра, ні дрэнна; пасрэдна. Вучыцца сярэдне. Жыве ён сярэдне.

2. Не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. [Тамара] невысокая, сярэдне для сваіх год распаўнелая, пышнагрудая — па-свойму прыгожая. Шамякін.

сярэдне..., (а таксама сярэдня...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая мае значэнні: 1) які знаходзіцца ў сярэдняй частцы чаго‑н. (краю, мясцовасці, ракі і пад.), напрыклад: сярэднееўрапейскі, сярэднедунайскі; 2) які з’яўляецца сярэднім перыядам у жыцці, гісторыі, развіцці чаго‑н., напрыклад: сярэднедэвонскі; 3) сярэдні па велічыні, па сваіх уласцівасцях, якасцях, напрыклад: сярэдневалакністы, сярэднесалёны; 4) які ўяўляе сабой сярэдняе якіх‑н. велічынь, напрыклад: сярэднеарыфметычны, сярэднестатыстычны.

сярэднеазія́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Сярэдняй Азіі. Сярэднеазіяцкія пустыні.

сярэднебелару́скі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сярэдняй часткі Беларусі. Сярэднебеларускія гаворкі.