Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сытава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі сыты (у 2 знач.).

сы́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан сытага. Хада .. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася ад сытасці і, відаць, не хацела ці не магла ўступаць у бойку. В. Вольскі. Так і дыхала са здымка сытасцю, задаволенасцю, камфортам. Мехаў.

сы́тна,

1. Прысл. да сытны.

2. безас. у знач. вык. Пра сытнае жыццё. Нам тут і цёпла і сытна.

сы́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сытнага. Сытнасць абеду.

сы́тнік, ‑а, м.

Даўней — прыдворны служка, які прыносіў са скляпоў напіткі для царскага стала.

сы́тны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які добра насычае; пажыўны. Згоду замацавалі сытным абедам. Бядуля. Фасоля — самы лепшы, самы сытны прадукт на свеце. Сяркоў. // Багаты на яду; заможны, без нястач. Шаліма ва ўсіх дэталях ведае гісторыю свайго суседа: заможны сваяк зычыў яму сытнае жыццё. Мікуліч.

сы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які поўнасцю здаволіўся; які не адчувае голаду. — Цяжка табе, — паспачуваў Чыжык. — А ты цяпер займіся рыбалкай. Сам будзеш сыты і цётцы што-небудзь дасі. Няхай. — Еш сам, — засмяяўся марак. — А то не вырасцеш. [Сцёпка:] — Я сыты, не хачу. Хомчанка. / у знач. наз. сы́ты, ‑ага, м.; сы́тая, ‑ай, ж. Галодных сыты зразумець не можа, пакуль самога лёс не патрывожыць. Дубоўка. Сытаму сала не сніцца. Прымаўка. // Уласцівы чалавеку, жывёле, якія добра наеліся. Вахман заліўся сытым рогатам. Брыль. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў, І пасечнікаў (рыжыя барады, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка. Далёкі помню дзень: у лесе сыты крык драздоў, стагі ў лугах. Вялюгін. // перан. Поўнасцю, цалкам задаволены чым‑н. І цэлы дзень тады Шчасцем быў ён [Янка] сыт. Бядуля. А лепей не трывожыць успаміны, На ўсё жыццё ў нас кожны імі сыт. Пысін.

2. Разм. Укормлены, тлусты. Ад’еўшыся за лета, .. [дзікі] сытыя, сала бывае на мужчынскую дал[онь]. Пташнікаў. // Які належыць добра ўкормленаму чалавеку, жывёле. Гарадавы нездаволена скрывіўся і адышоўся ўбок, пакручваючы доўгі светлы вус на тоўстым сытым твары. Якімовіч.

3. перан. Разм. Які жыве ў дастатку, у раскошы. І стварылася ўражанне, што ўсе гэтыя сытыя і задаволеныя людзі [афіцыйнай Амерыкі] толькі і думаюць, каб мы яшчэ і яшчэ цешыліся крывавым феерверкам вайны. Лынькоў. // Заможны, багаты (пра жыццё). Але што значыць для такога чалавека [здрадніка] ўдзячнасць, калі ёсць больш моцныя магніты для яго — сытае жыццё? Мікуліч.

4. Багаты на яду, харчовыя прадукты. Купіў [дзед Малах] на марскім беразе домік, сабраўся дажываць век, ды сталася з чалавекам дзіва: усё кінуў у тым прыгожым і сытым краі, паміраць прыехаў у родную вёску. Карамазаў.

5. Разм. Сытны. Пасля сытай вячэры і самакрутак з духмянай махоркі дарэчы было б расцягнуцца .. і супачыць. Брыль. Застаўляе [пан Патоцкі] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. / Пра пах, пару ад яды і пад. У млявым вячэрнім паветры стаяў сыты пах свежага малака. Самуйлёнак.

6. Які мае ў сабе шмат тлушчу. Сытае мяса.

•••

Сыты па горла — з лішкам, дастаткова каму‑н. чаго‑н.

сыхо́джанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сыходзіць — сысці (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. сыходзіцца — сысціся (у 1, 2, 6 і 12 знач.), а таксама месца, дзе што‑н. сыходзіцца.

сыхо́дзіцца, сыходжуся, сыходзішся, сыходзіцца.

Незак. да сысціся.

сыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да сысці.

2. перан. Размяшчацца нахільна. Узгорак .. наводдалек .. сыходзіў у лагчыну. Чорны. Канюшына сыходзіла ў нізкі куп’істы поплаў з раскіданым статкам кароў. Лобан.

3. (з адмоўем «не»). Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., не пакідаць чаго‑н. (пра чалавека, жывёлу). Дзіця не сыходзіць з рук. // Пастаянна быць, аставацца дзе‑н. (пра прадметы). Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала. Колас. // Пастаянна быць бачным, не знікаць (пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад.). Лёгкая ўсмешка амаль не сыходзіла з .. твару [Ванды]. Марціновіч. Усміхаўся .. [бацька] так прыветна, што хораша станавілася на душы, але і тады ціхі сум не сыходзіў з яго твару. Чарнышэвіч. // Пастаянна быць накіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра вочы, погляд). Вочы .. [Рамана] не сыходзяць з бота. Чорны.

•••

Не сыходзіць з языка (думак) — увесь час быць, прысутнічаць у чыіх‑н. думках, упамінацца ў размовах.