Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.

сцягня́к, сцегняка, м.

Разм. Тое, што і сцягно. Запрэжаны конь быў высокі, худы, адны косці і скура — з казённым кляймом на сцегняку. Чорны. У Рамана і на плячах і па сцегняках пролежні. .. Варочаюць з боку на бок, мажуць спіртам. Пташнікаў.

сця́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сцягваць — сцягнуць (у 13 знач.).

2. Р мн. ‑жак. Тое, чым сцягваюць, змацоўваюць. Кладка печы змацоўваецца сцяжкамі з паласавой сталі.

3. Р мн. ‑жак. Частка счэпа чыгуначных вагонаў. Заскрыгаталі сцяжкі ў загонах, зазвінелі буферы. Васілёнак.

сцяжны́, ‑ая, ‑ое.

Спец.

1. Які служыць, прызначаны для сцяжкі. Сцяжны болт.

2. Такі, што замацоўваецца сцяжкай. Падчапілі .. паравоз, рванулі раз і два, аж гулі, напіналіся, як струны, сцяжныя мацаванні. Лынькоў.

сцяжо́к, ‑жка, м.

Тое, што і флажок. У дзяжурным памяшканні Таня яшчэ раз агледзела ліхтарык, падрыхтавала зусім новенькія жоўтыя сцяжкі. Даніленка.

сцяжы́на, ‑ы, ж.

Разм. Сцежка. Дом над ракою знаёмы, Да дому сцяжына. Куляшоў. Хто раз ступіў на сцяжыну творчасці, не сыдзе з яе да канца дзён сваіх, колькі б творчых пакут і расчараванняў не прынесла яна. Звонак.

сцяжы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да сцяжына. Іванаў двор густа зарос травою — ад варот да хлява толькі вузкая сцяжынка. Навуменка. — Ідзі, хлопча, — сказаў [Сымон]. .. — Цяпер твае сцяжынкі светлыя: куды хочаш, туды і ідзі. Кулакоўскі.

сцяжэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Ацяжэлы. Шмат з таго помніцца, — возьме калі ды ўсплыве. Вымыюць яго ўспаміны, як рачныя віры выносяць на паверхню ў паводку сцяжэлае палена-камень. Пташнікаў.

сцяжэ́нне, ‑я, н.

У лінгвістыцы — з’ява, пры якой два гукі сцягваюцца ў адзін гук. Сцяжэнне зычных.

сцяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Абл. Ацяжэць. Доля ты нашая — сумнае жніва, думка пра сноп, што сцяжэе ў руках... Капае званка на сэрца, на нізу горкая песня — сляза жаўрука... Таўлай.