схематы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўяўляецца схемай, нагадвае схему (у 1 знач.). Схематычная зарысоўка кругавароту вады.
2. Паказаны ў агульных рысах, у спрошчаным выглядзе. Даследчык шчасліва пазбягае схематычнага, апрыёрнага падыходу да канкрэтных літаратурных з’яў. Ярош.
схе́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да схемы (у 1 знач.).
схі́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак.
Разм.
1. Не трапіць у цэль, прамахнуцца. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага. Гэты не схібіць. Караткевіч. А я ўсё-такі не ведаў, ці насмерць забіў таго гада. А мо толькі параніў? Вельмі ж хваляваўся, рука магла схібіць. Сабаленка. [Лапецька:] — Паляванне — спорт для маладых і дужых. Дык не,.. [дзядзька Ціхон] яшчэ поўзае, пнецца давесці, што яго вока не схібіць. Паслядовіч.
2. перан. Зрабіць промах; памыліцца. [Зайчык] насцярожыўся, падрыхтаваўся, каб не схібіць, не пралічыцца. Мележ. У свядомасці цюкнула думка, што схібіць цяпер нельга інакш яны абодва загінуць. Быкаў.
схі́зма, ‑ы, ж.
Раскол, раздзел цэркваў (пераважна пра раздзел царквы праваслаўнай і каталіцкай).
[Ад грэч. schisma.]
схізма́тык, ‑а, м.
Той, хто належыць да схізмы; раскольнік.
схізматы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да схізматык.
схіл, ‑у, м.
1. Нахіленая паверхня чаго‑н.; пакаты спуск. Схіл узвышша. Схіл даху. □ Па крутых схілах рова калісьці рос каржакаваты альшэўнік. Асіпенка. На гару ўзышоў Андрэй пясчанай дарожкай праз малады густы сасоннік, які вырас на схілах за час вайны. Пестрак.
2. перан. Канец. Прыгадаем паэтычны малюнак схілу лета, стылістыка якога вызначаецца вобразнасцю, істотна ўдаленай ад стыхіі чыста сялянскага жыцця, светабачання. Навуменка. З нарады аграном дамоў На схіле дня вяртаўся. Прануза. Гадоў, што скронь мне пабялілі, Жыцця, што йдзе на схіл сягоння, Мне зор гарачых не зацьмілі Туманы, ўзнікшыя на ўлонні. Буйло.
•••
На схіле дзён (гадоў, год) — у старасці, пры набліжэнні старасці.
схі́лавы, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца на схіле (у 1 знач.). Схілавыя землі.
схілапаказа́льнік, ‑а, м.
Дарожны знак, які ўстанаўліваецца на чыгуначных і шасэйных дарогах для ўказання на пад’ём ці спуск.
схіле́нне, ‑я, н.
1. Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. схіляць — схіліць і схіляцца — схіліцца.
2. У астраноміі — адна з нябесных каардынат.
•••
Магнітнае схіленне — вугал паміж магнітным і геаграфічным мерыдыянамі ў пэўным пункце зямной паверхні.