суправі́цель, ‑я, м.
Правіцель, які правіць, кіруе сумесна з іншым правіцелем, падзяляе з ім паўнату ўлады.
супрама́т, ‑у, М ‑маце, м.
Разм. Супраціўленне матэрыялаў (пра вучэбны курс).
супраціўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. супраціўляцца (у 1 знач.).
2. Уласцівасць. здольнасць целаў супрацьдзейнічаць якім‑н. зменам, уздзеянням. Электрычнае супраціўленне. □ У медзі супраціўленне крыху большае, у жалеза яно ўзрастае ўжо ў некалькі разоў. Чаркасаў.
3. Спец. Элемент электрычнага ланцуга, які дазваляе рэгуляваць сілу току ў ланцугу. У першыя дні ляснога жыцця не раз бывала, што не толькі радавыя партызаны, але і камандзіры з пакутным непакоем паглядалі на раскіданыя па сасновым стале дэталі, лямпы і гнёзды, кандэнсатары і супраціўленні. Паслядовіч.
•••
Пастаяннае супраціўленне (уст.) — рэзістар.
Супраціўленне матэрыялаў — а) здольнасць матэрыялаў супрацьдзейнічаць змене іх формы; б) навука пра трываласць і віды дэфармацыі матэрыялаў і элемента канструкцый машын і збудаванняў.
Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.
супраціўля́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць супраціўляцца; ступень супраціўлення чаму‑н. Супраціўляльнасць арганізма інфекцыям.
супраціўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Супрацьдзейнічаць насіллю, насільным дзеянням; адбіваць напад. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі «Салавей» прывязваў яго да дрэва. Бядуля. [Салагуб:] — Я пачаў супраціўляцца, штурхаць .. [паліцыянтаў] рукамі ад сябе і крычаць. Машара. Немцаў выбілі яшчэ толькі з першай лініі, а на другой яны ўпарта супраціўляліся і вялі агонь амаль бесперапынна. Кулакоўскі. // Супрацьдзейнічаць уплыву, уздзеянню каго‑, чаго‑н.; не падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н., не згаджацца на што‑н. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль. Васіль Дзяцел імкнецца адасобіцца ад эпохі, супраціўляецца жыццю ўпарта, рашуча, да знямогі, але ўсё дарэмна. «Полымя». // Не паддавацца якому‑н. стану, пачуццю, змагацца з якім‑н. станам, пачуццём. Супраціўляцца хваробе. □ Бацькавы вочы пры цьмяным святле лямпы здаліся мне вузенькімі-вузенькімі. Іх мружыў сон, але яны супраціўляліся яму. Сабаленка. Радаваўся [Андрыян Цітавіч], як юнак, свайму пачуццю, але, скрыгочучы зубамі, хаваючы ўсё ў сабе, супраціўляўся яму... Марціновіч.
2. Не паддавацца знешняму фізічнаму ўздзеянню.
супраці́ўнік, ‑а, м.
Разм. Праціўнік, вораг. Ідэйны супраціўнік. □ Сцеражыся, супрацоўнік! Адбівае дні гадзіннік! Купала. Ды не маглі яны [ігракі] адно ўлічыць, Што супраціўнікі не жартавалі. Корбан.
супраці́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які абараняе супрацьлеглыя інтарэсы (у вайне, барацьбе, гульні і пад.). Усе цельшынскія законнікі і законніцы сышліся тут [па вуліцы] і горача судзілі погляды супраціўнага стану. Колас.
2. Размешчаны адзін супраць другога, супрацьлеглы (пра лісты, галіны і пад.).
3. У граматыцы — які спалучае сказы або члены сказаў, што супрацьпастаўляюцца або размяжоўваюцца (пра злучнік).
супрацо́ўнік, ‑а, м.
1. Той, хто працуе разам з кім‑н., дапамагае каму‑н. у выкананні чаго‑н. Працаваць аднаму, без супрацоўнікаў. □ Добра было ў гэтай «Ітацы»: здавалася, што ўсе мы [акцёры] не толькі супрацоўнікі па рабоце, а і блізкая радня сям’і Буйніцкіх. «Полымя».
2. Той, хто працуе ў якой‑н. установе; служачы. Супрацоўнікі музея .. ветліва сустрэлі нас і ахвотна вадзілі па музеі. Пестрак. [Хірурга і хворага] праводзілі ўсе супрацоўнікі шпітал[я] і мясцовыя сяляне. Гурскі. // Асоба, якая прымае ўдзел як аўтар у рабоце перыядычнага або шматтомнага выдання. Супрацоўнік часопіса.
•••
Навуковы супрацоўнік — пасада супрацоўніка навукова-даследчай установы; асоба, якая займае гэтую пасаду.