Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

субці́тр, ‑а, м.

Надпіс на ніжняй частцы кадра кінафільма, які звычайна з’яўляецца скарочаным перакладам іншамоўнага дыялогу (або тэксту наогул) на мову, зразумелую гледачам.

субясе́днік, ‑а, м.

Той, хто бяседуе, вядзе гутарку з кім‑н. Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Хведаровіч. А мо яго, Антона, таму і цягне ў Вуглы, што там перад ім заўжды ёсць смелы і шчыры субяседнік, якому няма чаго таіць ад яго... Савіцкі. [Анэля] ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Караткевіч.

субясе́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да субяседнік.

суве́й, ‑я, м.

Разм. Гурба снегу, намеценая ветрам. Вясновае сонца з вятрамі ў хаўрусе Зганялі сувеі з зямлі. Кірэенка. Салдат ёмка поўз па сувею, падміргваючы дзеду, да калючага дроту за сялом. Васілевіч.

сувені́р, ‑а, м.

Памятны падарунак; рэч, якая звязана з якімі‑н. успамінамі. Шануючы звычай добры, Дзякуючы шчыра, Накладаюць госці ў торбы Розных сувеніраў. Гілевіч. Мы абменьваліся сувенірамі, ціснулі адзін аднаму рукі, гаварылі кароткія, таварыскія словы. Мележ.

[Фр. souvenir.]

сувені́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сувеніра. Сувенірны янтар.

суверэ́н, ‑а, м.

У міжнародным праве — носьбіт вярхоўнай улады.

[Фр. souverain.]

суверэнітэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.

Незалежнасць дзяржавы ад іншых дзяржаў у яе ўнутраных справах і міжнародных адносінах.

[Ням. Souveränität.]

суверэ́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан суверэннага. Суверэннасць нацый.

суверэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да суверэна; які ажыццяўляе вярхоўную ўладу. Суверэнны правіцель.

2. Які валодае суверэнітэтам, незалежны, самастойны. Суверэнная дзяржава.