юргі́ня, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і вяргіня.
ю́р’еў, ‑ева.
У выразе: Юр’еў дзень — у старажытнай Русі да канца 16 ст. — права пераходу сялян ад аднаго памешчыка да другога адзін раз у год, пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ, у дзень святога Георгія (Юрыя).
•••
Вось табе, бабка, і Юр’еў дзень — пра нечакана страчаную надзею, спыненне свабоды дзеянняў і пад.
юрк, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. юркнуць. Юрк [ваўчыца] ў нару. Ермаловіч.
ю́ркі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Быстры, вёрткі, спрытны ў рухах. Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крылцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі. Колас. Сцёпка Хадун, юркі, каратканогі і дапыт[лів]ы, як сарока, угледзеўшы Максіма за цяжкай работаю, чуць не на [пальчыках] падышоў да яго. Каваль. // Які вырашае бойкасць, скрытнасць, жывасць (пра вочы, позірк і пад.). — Ага, штучку. Паленца, што ля паветкі і цяпер ляжыць, — растлумачыла старая, страляючы юркім позіркам то ў вочы Пятра, то Адама. Ракітны.
ю́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Імклівым спрытным рухам пранікнуць куды‑н., схавацца дзе‑н.; шмыгнуць. У норку ля ракіты юркнула палявая мышка. Даніленка. Валодзя па баразне, каля градак, падышоў да хаты, пераступіў невысокі плоцік і юркнуў у сенцы. Федасеенка.
юрлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць юрлівага. Заўсёды вясёлая, гаваркая — .. [Тацяна] ўсюды, дзе б ні была, узнімала вакол сябе жартаўліва-лёгкі настрой, у значнай меры падагрэты вострым аганьком юрлівасці. Зарэцкі.
юрлі́вец, ‑ліўца, м.
Чалавек, якому ўласціва павышанае імкненне да задавальнення палавых пачуццяў. Неспадзявана для Смілгаса ў Зыгмунты знайшлося столькі сілы, што ад яе штуршка стары юрлівец адляцеў, як мех, бразнуўся вобзем і аж заенчыў. Сабаленка.
юрлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Пажадлівы, поўны юру. Паны ўсе на адзін твар: гультаяватыя, фанабэрыстыя, .. разбэшчаныя, юрлівыя. Навуменка. // Які выражае юр. Сулкоўскі зірнуў на .. [Алёну] ласа, як кот на смятану, і твар яго расплыўся ў юрлівай усмешцы. Чарнышэвіч.
юро́дзівы, ‑ая, ‑ае.
1. Дурнаваты, блізкі да вар’яцтва. Юродзівы хлопец.
2. у знач. наз. юро́дзівы, ‑ага, м. У веруючых, рэлігійных людзей — вар’ят, які валодае дарам прадказання. Распаўсюджвалі розныя небыліцы багамольцы, юродзівыя, а ў першую чаргу духавенства. «Звязда».