Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

факелано́сец, ‑сца, м.

Спец. Спартсмен, які нясе факел пры адкрыцці алімпіяды.

фа́кельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факела. Факельнае полымя. // З факелам (факеламі). Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч.

фа́кельшчык, ‑а, м.

1. Той, хто нясе факел у час шэсця, працэсіі.

2. Той, хто падпальвае што‑н. пры дапамозе факела. Ягор ведаў прыёмы гітлераўскіх факельшчыкаў: абліць сцены газай і на хаду падпаліць. Кавалёў. // перан. Той, хто падбухторвае на вайну. Факельшчыкі вайны.

фа́кельшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да факельшчык.

факі́р, ‑а, м.

1. Мусульманскі вандроўны манах, які даў абяцанне жабраваць; дэрвіш.

2. Еўрапейская назва вандроўных фокуснікаў, якія дэманструюць розныя цуды.

[Араб. fagīr — бядняк, жабрак.]

факі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факіра; уласцівы факіру.

факі́рства, ‑а, н.

Дзейнасць факіра.

факсі́міле,

1. нескл., н. Дакладнае ўзнаўленне рукапісу, дакумента, подпісу і пад. пры дапамозе фотамеханічнай рэпрадукцыі.

2. нескл., н. Клішэ, пячатка з чыім‑н. подпісам.

3. у знач. нескл. прым. і прысл. Дакладна ўзноўлены, у дакладнай рэпрадукцыі. Подпіс факсіміле. Выдаць рукапіс факсіміле.

[Ад лац. fac simile — рабі падобнае.]

факсі́мільны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факсіміле (у 1 знач.). // Які з’яўляецца факсіміле. Факсімільнае выданне рукапісаў. // Які ўзнаўляе факсіміле. Факсімільны апарат.

факстро́т, ‑а, М ‑роце, м.

Хуткі рытмічны танец чатырохдольнага размеру, а таксама музыка да гэтага танца. [Люба] закружылася па пакойчыку не то ў нейкім вальсе, не то ў факстроце. Лынькоў. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначнікаў. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.

[Англ. fox — ліс і trot — хуткі крок.]