Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

стано́ўчасць, ‑і, ж.

Уласцівасць станоўчага. Станоўчасць Сарокі адчуваецца ўсімі персанажамі. Лужанін.

стано́ўчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае адабрэнне. Станоўчы водзыў. Станоўчая характарыстыка. // Які выражае згоду. Станоўчы адказ.

2. Які мае дадатныя ўласцівасці, якасці; які заслугоўвае адабрэння. Станоўчы прыклад. Станоўчыя вынікі. □ Граматыка В. А. Тарашкевіча адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні пачатковых ведаў па роднай мове і доўгі час служыла падставай для ўкладальнікаў пазнейшых школьных граматык. Суднік. Моўныя з’явы запазычваюцца ў выніку ўзрастаючых патрабаванняў да мовы, што з’яўляецца станоўчым фактам прагрэсіўнага развіцця. Жураўскі.

3. Які характарызуецца дадатнымі якасцямі. Станоўчы вобраз аповесці. □ Сам Лукаш быў чалавек станоўчы. Не курыў, піў у меру і пры выпадку. Чарнышэвіч. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.

стано́чнік, ‑а, м.

Рабочы, які працуе на станку (у 1 знач.).

стано́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да станочнік.

стано́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да станка. Станочнае абсталяванне. Аўтаматычныя станочныя лініі.

станс, ‑а, м.

1. Вершаваная страфа з чатырох радкоў, якая мае закончаную думку.

2. толькі мн. (ста́нсы, ‑аў). Верш, які складаецца з такіх строф.

[Фр. stance — страфа.]

станцава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад станцаваць.

станцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе.

Зак. да танцаваць (у 1 знач.).

станцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да станцыі (у 1 знач.). Станцыйная платформа. □ Эшалон прайшоў некалькі станцый, ён шпарка прабягаў станцыйныя пралёты. Чорны.

ста́нцыя, ‑і, ж.

1. Месца прыпынку паяздоў і іншых транспартных сродкаў, якія курсіруюць па пэўнаму маршруту. Чыгуначная станцыя. □ Кажуць, станцыяй хутка паўстанак той стане — Значыць, стрэнецца шчасце маё і яе. Бачыла. На станцыях .. [Гарышны] выскокваў з вагона ўзяць бутэльку піва. Ракітны. // Будынак на прыпынках, спецыяльна абсталяваны для пасажыраў. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // Адлегласць паміж двума такімі прыпынкамі. Яшчэ дзве станцыі засталося ехаць.

2. Спецыяльная ўстанова, якая абслугоўвае ў якіх‑н. адносінах насельніцтва, арганізацыі раёна, тэрыторыі. Санітарна-эпідэміялагічная станцыя. Лодачная станцыя. Тэлефонная станцыя. □ Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы. Кулакоўскі. // Група навуковых супрацоўнікаў, якія вядуць даследчую работу па спецыяльнай праграме. Дрэйфуючая станцыя «Паўночны полюс». Селекцыйная станцыя.

3. Спец. Серыя гідралагічных, метэаралагічных і пад. назіранняў, атрыманых на моры, на пэўнай тэрыторыі зямной паверхні. Глыбакаводныя станцыі. Магнітныя станцыі.

•••

Гідраметрычная станцыя — пункт на рацэ для вымярэння вышыні ўзроўню вады, хуткасці цячэння, расходу вады і пад.

Касмічная станцыя — штучны спадарожнік Зямлі, на якім можа жыць і працаваць зменны экіпаж касманаўтаў.

Сартавальная станцыя — чыгуначная станцыя, асноўнае прызначэнне якой — фарміраваць і расфарміроўваць чыгуначныя саставы.

[Ад лац. stantia.]