Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

станаві́шча, ‑а, н.

Стаянка (у 1, 3 знач).

ста́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стану ​5. Станавыя адносіны ў сказе.

станавы́, а́я, ‑о́е.

Які мае адносіны да стана ​2 (у 4 знач.). // у знач. наз. станавы́, о́га, м. Тое, што і станавы прыстаў. [Антось:] — Заварочвай аглоблі і смалі дахаты, калі не хочаш, каб з цябе і з брата станавы садраў па рублю. С. Александровіч.

•••

Станавы прыстаў гл. прыстаў.

станаўле́нне, ‑я, н.

Набыццё пэўных прыкмет і форм у працэсе развіцця; фарміраванне. Станаўленне характару. Станаўленне сусветнай сістэмы сацыялізма.

станда́рт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Прынятыя за аснову ўзор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што‑н. сваім намерам, формай, якасцю і пад. Дзяржаўны стандарт. // Ідэальны, узорны экземпляр. Бялявая галава была пастрыжана «пад бокс» і прылізана на прабор, вочы — светла-блакітныя, па стандарту арыйскай расы. Брыль. // Аднастайная, тыпавая форма арганізацыі, ажыццяўлення чаго‑н. Выпрацаваны стандарт выпрабавання металу.

2. Нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г. д. Стандарты на харчовыя прадукты.

3. перан. Тое, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага, своеасаблівага; шаблон, трафарэт. Узнік сцэнічны стандарт «жалезабетоннага камісара», у якім вельмі мала было агульначалавечага. «Маладосць».

•••

Залаты стандарт — форма арганізацыі капіталістычнага грашовага абароту, пры якой існаваў размен банкнотаў на залатыя манеты, залатыя зліткі ці на замежную валюту.

[Англ. standard.]

станда́ртнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стандартнага. Стандартнасць памераў.

станда́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.

стандартызава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стандартызаваць.

стандартызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стандартызаваць.

стандартызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) стандартным.

2. толькі незак. Зал. да стандартызаваць.

стандартызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Правесці (праводзіць) стандартызацыю чаго‑н., зрабіць (рабіць) стандартным. Стандартызаваць вытворчасць, Стандартызаваць дэталі.