Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

астачарце́лы, ‑ая, ‑ае.

Які да немагчымасці апрыкраў, надакучыў.

астачарце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Вельмі надакучыць; абрыднуць, апрыкраць. І дзе запыніцца яна [лава людзей]? Астачарцела ёй вайна. Колас. Але астачарцелі ўсе Старых канонаў рытмы. Танк.

а́стма, ‑ы, ж.

Прыступы задышкі ў выніку хваробы сэрца або бронхаў. Бранхіяльная астма. Сардэчная астма.

[Ад грэч. asthma — задышка.]

астма́тык, ‑а, м.

Разм. Хворы на астму.

астматы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да астматык.

астматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да астмы. Астматычны кашаль. Астматычны бранхіт.

асто́й, ‑ю, м.

Цяжкае пачуццё, якое астаецца пасля якой‑н. падзеі, хвалявання, перажывання. Пасля суда над Баешкам усё ж астаецца нейкі цяжкі астой. Шынклер.

асто́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да астояцца.

асто́йлівасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць судна захоўваць раўнавагу пры плаванні. Астойлівасць карабля.

асто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае астойлівасць. Астойлівае судна.