чы́рвань, ‑і, ж.
1. Уласцівасць чырвонага; чырвоны колер. Сонца яшчэ не паказалася з-за высокага бору ў канцы вёскі, і ён .. быў як намалёваны на чырвані неба. Крапіва. Ясна гарэў сухі хвораст, асыпаючы ў шэры попел хрусткія вугалькі, напоўненыя жывой чырванню агню. Самуйлёнак. У чырвань, золата ўбраны стаяць у пушчах нашых дрэвы. Дубоўка.
2. Чырвоныя плямы на целе, пачырваненне ад прыліву крыві, запалення. Слёз у .. [Мацвея] было мала, толькі чырвань з’явілася вакол вачэй. Чорны. З кулямёта.. [лейтэнанту] прабіла абедзве нагі вышэй костачак. Ногі распухлі і паліліся нездаровай чырванню. Курто.
3. Румянец. — Усё, Сяргей Рыгоравіч, — адказала [Люда]. Вочы дык узняла, а чырвань на шчоках яшчэ пагусцела. Брыль. І шчокі, і нос, і вушы гарэлі бледнай чырванню. Лынькоў.
•••
Увагнаць у чырвань гл. увагнаць.
чырваню́ткі, ‑ая, ‑ае.
Вельмі чырвоны. Чырванюткі твар.
чырве́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і чырвовы. Чырвенная дама.
чырво́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чырваў. [Ганна] была прыгожая жанчына і трохі нагадвала сабою чырвовую даму. Колас.
чырвона... (а таксама чырвана...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «чырвоны», напрыклад: чырвонаармейскі, чырвонагаловы.
чырвонаарме́ец, ‑мейца, м.
Баец Чырвонай Арміі. Загарэлыя, запыленыя, але бадзёрыя і вясёлыя, як адзін, праходзілі чырвонаармейцы. Чарот.
чырвонаарме́йскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чырвонаармейца, належыць яму. Чырвонаармейская пілотка. □ Высокая, з прыгожымі .. вачыма, стройная, у чырвонаармейскім адзенні, Тоня Любчанка вылучалася сярод сваіх сябровак. Шчарбатаў.
2. Які мае адносіны да Чырвонай Арміі. Чырвонаармейскія часці.
чырвонагало́вік, ‑а, м.
Тое, што і падасінавік. Чырвонагаловікі і бабкі хаваюцца ў высокай траве на палянах. Чорны.
чырвонагало́вы, ‑ая, ‑ае.
З чырвонай галавой, галоўкай. Цяжка сабе ўявіць наш веснавы беларускі лес без гэтага барабаннага пошчаку чырвонагаловых дзятлаў. Ігнаценка.
чырвонагвардзе́ец, ‑дзейца, м.
Баец Чырвонай гвардыі. Іван Міхайлавіч добра ведаў дарогу. Не раз даводзілася яму праводзіць па ёй сваіх чырвонагвардзейцаў. Шыловіч.