Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спудзіць.

спу́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Адчуць спалох; напужацца, спужацца. Спудзіўся конь, скочыў убок і стаў на цвёрдае — не праваліўся. Пташнікаў. Перад судом [прадстаўнікі адміністрацыі] стаялі насцярожана. Сёй-той і добра спудзіўся. Шынклер.

спу́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Спужаўшы, прымусіць пайсці, паляцець, пабегчы адкуль‑н. Над галовамі пралапатала чарада белых галубоў — нехта іх спудзіў. Гурскі. Я чую возера ўсплёскі: То сом прачнуўся на зары І спудзіў шчупака. Броўка. Увайшоў [бегемот] у чаротнік, спудзіў птушак, пачаў там валаводзіцца ды трашчаць. Маўр. Прытаіўся Гушчык, каб ваўка не спудзіць, і чакае ціха, што далей тут будзе. Дубоўка. / у перан. ужыв. Спудзіў трэск аўтаматаў Раніцой цішыню. Смагаровіч. // перан. Прымусіць знікнуць (які‑н. настрой, пачуццё і пад.). Што іх спудзіла сон, Што яны паглядаюць на захад? Танк.

2. Напалохаць, спужаць. І ўвесь народ ураз мятнуўся, І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Колас. — Сватамі дзевак не спудзіш, — засмяялася.. [Аленка] і да мяне [Сені] прытулілася. Кандрусевіч.

спудлава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.

1. Не трапіць у цэль (страляючы, кідаючы і пад.). Па прывычцы стрэльбу я рыхтую І сачу за ценем [цецерука] паміж дрэў, Хоць, напэўна ведаю, спудлую. Танк.

2. перан. Разм. Зрабіць промах, схібіць. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы .. [Рыбака] міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне — не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Быкаў.

спу́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спужаць.

2. у знач. прым. Такі, якога спужалі; спалоханы. Закаркала, зляцеўшы з дрэва, спужаная варона, і ўсё зноў сціхла. Машара. // Які выражае спалох. [Міхась] ўявіў сабе такую ж хатку, з акна якое выглядае такі самы бледны твар, такія самыя спужаныя вочы. Сташэўскі.

спужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адчуць страх перад кім‑, чым‑н. Света ўсяго баіцца ў лесе, не толькі мурашак і жаб. Баіцца нават птушак, дзікіх качак учора спужалася — крычала на ўсю Сырніцу. Пташнікаў. [Антось:] — Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка .. А тут стала займацца на золак, у Сверанаве заспяваў певень, дык нячысцік спужаўся, кінуў камень ды ходу наўцёкі... С. Александровіч.

спужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Выклікаць страх, боязь; спалохаць. Я хаваюся за дуб, чакаю, каб спужаць Змітрыка, які паволі крочыць за падводай. Мыслівец. [Гаўрыла:] — А мяне-то чортам ды нябожчыкам ніхто ўжо не спужаў бы. Гарэцкі.

спурт, ‑у, М ‑рце, м.

Рэзкі, імклівы рывок перад фінішам у час бегу, плавання, катання на каньках і пад.

[Англ. spurt — рывок.]

спуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

Рэзка павялічыць (павялічваць) скорасць перад фінішам у час бегу, плавання, катання на каньках і пад.

спуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. спускаць — спусціць (у 1–3, 6–8 і 11 знач.) і спускацца — спусціцца (у 1, 2 і 5 знач.).

2. ‑а. Месца, па якім спускаюцца ўніз, нахіленая плоскасць. Найгорш было сыходзіць на крутым спуску каля суседняй вуліцы. Пальчэўскі. Са свістам і галёканнем праходзіла чарада гарадскіх падлеткаў, шукаючы спуска да ракі. Ракітны.

3. ‑а. Кручок у агнястрэльнай зброі, які націскаюць пальцам, каб зрабіць выстрал; спускавы кручок. // Прыстасаванне ў фота- і кінаапараце для адкрывання затвора аб’ектыва.

4. ‑а. Сталярная прылада з доўгай калодкай для выраўноўвання паверхні; фуганак.

5. ‑а. Спец. Пропуск у верхняй частцы старонкі перад пачаткам раздзела кнігі.

6. ‑а. Спец. Расстаноўка звярстаных палос набору ў такім парадку, які забяспечвае правільную паслядоўнасць старонак.

•••

Не даць спуску каму гл. даць.