Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спі́кер, ‑а, м.

1. Старшыня ніжняй палаты англійскага парламента, а таксама палат у парламентах ЗША і некаторых іншых краін.

2. Асоба, якая аб’яўляе гледачам рашэнне суддзяў на спаборніцтвах па боксу.

[Англ. speaker.]

спікі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Рэзка знізіцца на вялікай хуткасці, зрабіць піке ​2. [Самалёты] спікіравалі з дзікім свістам, і пасля мы даведаліся, што разам з бомбамі фашысты кідалі рэйкі і пустыя бочкі, каб нагнаць больш панікі. Шамякін. / Пра птушак. [Сіваграк] узнімаўся высока ўгору, каб потым імкліва спікіраваць уніз, ледзь не да самай вады, і зноў узлятаў у вышыню. В. Вольскі. Над параходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.

спіл, ‑у, м.

Месца разрэзу пілой (дрэва, бервяна і пад.). Адзін з верхніх знойдзеных тут зрубаў датуецца па спіле 1318 г. «Помнікі».

спілава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спілаваць.

спілава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., што.

1. Зрэзаць пілой. Спілуюць пару сосен і — бяруцца сукі абсякаць. Пальчэўскі. Цяпер маяка на кургане не было — яго спілавалі яшчэ ў пачатку ліпеня. Чыгрынаў.

2. Зраўняць напільнікам шурпатасці на паверхні чаго‑н.; апілаваць.

спі́лак, ‑лку, м.

Спец. Тонкая скура, якая атрымліваецца пры разразанні скур па таўшчыні. Спілак для скураной галантарэі. Абіванне мэблі спілкам.

спі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спілаваць.

спіло́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спілоўваць — спілаваць.

спіло́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да спілоўваць.

спіло́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спілаваць.