спе́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Злезці з каня. Не даязджаючы двух-трох кіламетраў да чыгункі, хлопцы спешыліся, схавалі ў лесе падводы. Краўчанка. [Коннікі] спешыліся, зайшлі ў двор. Янкоўскі.
спе́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. каго. Загадаць або прымусіць спешыцца, злезці з коней. Спешыць коннікаў.
2. Тое, што і спешыцца. Грэбля была зусім блізка ад таго месца, дзе спешылі партызаны. Федасеенка.
спёка, ‑і, ДМ спёцы, ж.
Моцная гарачыня ў паветры, нагрэтым сонцам; спякота. Спёка стаіць тыдзень, месяц, а на небе ні хмурынкі. Бялевіч. Бяру і я з рукі тваёй, Памір, Смарагд жывы аб спёцы на ўспамін. Калачынскі. // Цеплыня, якая выдзяляецца чым‑н. гарачым, нагрэтым. Жалеза холад ды спёка печаў. Летка.
спёртасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць спёртага 2.
спёрты 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сперці 1.
•••
Спёрты мат — у шахматнай гульні — мат, пры якім уласныя фігуры не дазваляюць каралю заняць бяспечнае поле.
спёрты 2, ‑ая, ‑ае.
Душны, нясвежы (пра паветра). У вялікім класным пакоі, адведзеным пад каравулку, ударыла ў нос спёртым паветрам. Навуменка.
співа́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да спіцца.
співа́цца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да співаць.
співа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спіць.
спідве́й, ‑я, м.
Мотагонкі на гаравым, земляным, травяным або ледзяным трэку.
[Англ. speedway.]
спідо́метр, ‑а, м.
Прыбор, які паказвае хуткасць руху транспартных машын. Як толькі вырваўся [Славік] за горад, даў такі газ, што стрэлка спідометра хутка перапаўзла лічбу 100 і пачала канвульсіўны скакаць, падбіраючыся часам ажно да 120. Шамякін.
[Ад англ. speed — хуткасць і грэч. metreo — вымяраю.]