Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

соль 1, ‑і, ж.

1. Белае крышталічнае рэчыва з вострым характэрным смакам, якое ўжываецца як прыправа да ежы. Сталовая соль. □ Тым часам маці тарапліва Закон дзядоў сваіх спаўняе: Кладзе кусочак хлеба з соллю Пад красны кут. Колас.

2. перан. Асаблівы сэнс, значэнне чаго‑н. [Апейка:] — Уся соль, па-мойму, у тым — што шукаць і як шукаць. Па-мойму, заўсёды трэба помніць пра людзей, якія цябе чытаюць і слухаюць. Мележ. Але ўся соль твора звычайна выступае на паверхні, адкрываецца ў поўным сваім аб’ёме менавіта ў трапных заключных радках добрай байкі. Бугаёў.

3. Хімічнае злучэнне, рэчыва — прадукт поўнага або частковага замяшчэння вадароду кіслаты металам. Калійная соль. Глаўберава соль. Берталетава соль. Каменная соль. Горкая соль. Кіслая соль.

•••

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падсыпаць солі гл. падсыпаць.

Пуд солі з’есці з кім гл. з’есці.

Соль зямлі — пра лепшых людзей якой‑н. грамадскай групы, грамадства.

Соль табе ў вочы — прымаўка, якую ўжываюць, каб засцерагчы ад дрэннага вока, ад уроку.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хлеб ды соль гл. хлеб.

Хлеб-соль гл. хлеб.

соль 2, нескл., н.

Пяты гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук. І цудоўныя гукі то раптам паніжаліся да ніжняга соль і амаль знікалі, то нечакана ўзляталі да верхняга фа дыез. Васілёнак.

[Іт. sol.]

соль 3, ‑я, м.

Грашовая адзінка Перу, роўная 100 сентава.

[Ісп. sol.]

со́льда, нескл., н.

Італьянская медная манета, роўная 0,05 ліры.

[Іт. soldo.]

со́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выконваецца сола. Вясной і сонцам дыхала ад песень, харавых і вольных, якія выконваліся на сцэне, кветкамі дружбы і радасці павявала ад шматкаляровых касцюмаў удзельнікаў самадзейнасці. Ермаловіч.

2. Які выконвае сола. Сольны інструмент.

со́люкс, ‑а, м.

Лямпа напальвання з рэфлектарам, якая выкарыстоўваецца ў фізіятэрапіі.

[Лд лац. sol — сонца і lux — святло.]

сом, ‑а, м.

Вялікая прэснаводная драпежная рыба сямейства сомавых з вусамі і целам без лускі. Тут былі доўгія, як змеі, вугры, страшныя вусатыя самы, паласатыя скумбрыі. Арабей.

со́ма, ‑ы, ж.

Спец. Усе клеткі жывёлы або расліны, за выключэннем палавых.

[Грэч. sōma — цела.]

со́мавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сома. Сомавы кручок. // Прыгатаваны з сома. Сомавая юшка.

2. у знач. наз. со́мавыя, ‑ых. Сямейства рыб атрада карпападобных.

со́маў, ‑ава.

Які належыць сому. Сомаў вус. Сомава галава.

сон 1, сну, м.

1. Фізіялагічны стан спакою арганізма, пры якім поўнасцю або часткова спыняецца работа свядомасці і аслабляюцца некаторыя фізіялагічныя працэсы. Хіліць да сну. Адагнаць сон. Прачнуцца ад сну. □ Сон валіў усіх; з чорнага неба цадзіўся нудны дожджык, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней. Мележ. Толькі на досвітку Сідар супакоіўся і заснуў, але сон быў трывожны, і ён не адпачнуў. Гартны. / Аб жаданні або магчымасці ўпадаць у гэты стан. [Булай:] — А як у вас сон? Нармальны? [Алесь:] — Не скарджуся. Шыцік. Не пытайся ж, маці, Не пярэч ты выйсці: І цябе ў семнаццаць Сон не браў калісьці. Гілевіч. // Спячка (пра жывёлін). Зімовы сон мядзведзя. // перан. Зімовы спакой, здранцвенне прыроды. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі, і ў грамадку Яны ваду сваю злівалі, Ад сну гаі, лясы будзілі І людзям душу весялілі. Колас. Яблыні, ахутаныя інеем, Да вясны заснулі моцным сном. Смагаровіч. // перан. Пра пасіўнае існаванне каго‑, чаго‑н. Народу, абуджанаму ад векавога сну, патрэбны былі выражальнікі яго дум і пачуццяў. Ярош. Беларускі народ Скінуў цяжкі свой сон, Сталі явай адвечныя мары. Журба.

2. Тое, што сніцца. Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч і адразу ўбачыла сон. Шамякін. Ноччу мне прысніўся.. страшны сон — вайна. Карпюк. // Пра што‑н. ілюзорнае, незвычайнае. Гэта былі не вёдры, не начоўкі, не лыжкі, а дзіўны сон пекных форм. Бядуля. // Пра мару, летуценне. Чакаюць людзі свайго свята, Ажыццяўлення сваіх сноў. Колас. Ёсць настроі... А ў іх — пералівы. Ёсць часіны — здаюцца сном. Лявонны. Яваю стапецца сон мільёнаў. Купала.

•••

Летаргічны сон — тое, што і летаргія.

Багатырскі сон — моцны сон.

Выбіцца са сну гл. выбіцца.

Забыцца сном (у сне) гл. забыцца.

Заснуць вечным сном гл. заснуць.

І ў сне не снілася гл. сніцца.

Праз (скрозь) сон — у час сну.

Са сну — толькі што прачнуўшыся.

Сон у руку (жарт.) — пра сон, які спраўдзіўся.

Спаць вечным сном гл. спаць.

Спаць мёртвым сном гл. слаць.

Як (нібы) праз (скрозь) сон — няясна, невыразна. Бацькоўскую хату і бацькоў памятаю нібы праз сон. Бядуля. — Чуеш, дзед, як вада шуміць у сенцах? — Чую, дык што? — як праз сон адказаў Яўсей. Пальчэўскі.

Як у сне — пра стан чалавека, які паглыблены ў свае думкі і нічога не заўважае вакол сябе. Да самай пятніцы [Гендарсан] жыў як у сне. Чарнышэвіч.

сон 2, сну, м.

Травяністая расліна сямейства казяльцовых з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну. Ніколі не бачыла, як расце сон — буйныя ліловыя званкі на крохкіх калматых ножках. Лось.

со́нейка, ‑а, н.

1. Ласк. да сонца.

2. Разм. Пяшчотная назва любімага чалавека. [Сымон Латушка:] — Ну, добра ж, сонейка-дачушка. Вось зараз я іду да вас! Колас.

•••

За вушка ды на сонейка гл. вушка.