снава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. снаваць.
снава́цца, снуюся, снуешся, снуецца; незак.
1. Тое, што і снаваць (у 3 знач.). А я — з далёкіх ніў пясняр — Па Гаспры з кута у кут снуюся. Купала.
2. перан. Складацца, стварацца. Снуюцца думы складным ладам-складам пра беларускі шлях, пра свой народ... Таўлай. Словы песні снуюцца: Што ад мілага вестак няма, Ад нямілага шлюцца. Танк.
3. Зал. да снаваць (у 1 знач.).
снава́ць, сную, снуеш, снуе; снуём, снуяце; незак.
1. што. Рабіць аснову тканіны. Снаваць пражу. // без дап. Рухацца ўзад і ўперад, робячы аснову, ткучы палатно.
2. перан.; што. Складаць, ствараць. Так і хочацца заўсёды Песню вечную снаваць. Купала. [Віктар і Карызна], працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы. Зарэцкі.
3. Рухацца ў розных кірунках, туды і сюды. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. Студэнты, нібы мурашкі, снавалі сюды-туды. Васілевіч. Па блакітных дарогах роднай зямлі снавалі караваны суднаў. Данілевіч. // Пра думкі, успаміны і пад. У галаве снавалі думкі: а дзе ж падполле? Няхай.
4. перан.; што. Закладваць аснову, ствараць што‑н. А пад страхою ластаўкі Вёсачку гнёздаў снуюць. Камейша.
сна́йпер, ‑а, м.
Меткі стралок, майстар меткай стральбы. — Ну, а што ты ўмееш рабіць? — спытаў у Людвіка камандзір роты. — Страляць, — адказаў той. — Я снайпер. Кулакоўскі.
[Англ. sniper.]
сна́йперскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да снайпера. Снайперская вінтоўка. // Трапны, дакладны. Снайперскі агонь.
сна́йперства, ‑а, н.
Майстэрства меткай стральбы.
сна́йпінг, ‑у, м.
Спец. Звышметкая снайперская стрэльба. Школа снайпінгу.
снапо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да снапа, які робіцца ў снапах. Снаповая сушка збожжа.
снапо́к, ‑пка, м.
Памянш.-ласк. да сноп. Снапок жыта. Снапкі лёну. Снапок святла.