Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

смыле́нне, ‑я, н.

Адчуванне пякучага болю, гарачыні ў целе. Мучыць смыленне ў грудзях.

смыле́ць, ‑ліць; незак.

1. Балець, пячы (ад апёкаў, раздражнення скуры, ран і пад.). Смылелі папечаныя пальцы, пахла дымам вопратка, аж блажыла; і глыбока-глыбока ныла ў сярэдзіне. Пташнікаў. Стаміўся я. Не слухаюцца ногі. Смыляць, гараць, нібы яны ў агні... Бялевіч. Дубянеюць ногі, смыляць паабдзіраныя аб калючы снег рукі. Грахоўскі.

2. перан. Трывожыць, мучыць (пра душэўны боль). [Ганна:] — Я не крыўдую на цябе, але сэрцу балюча. Смыліць яно, штодня смыліць. Лынькоў. [Гаварушка:] — Ужо і ў мяне душа пачынае смылець. Лобан.

3. Гарэць без полымя, слаба гарэць; тлець. Цьмяна смылеў на камінку гнілаваты корч. Пянкрат.

смычко́вы, ‑ая, ‑ае.

Такі, на якім іграюць пры дапамозе смычка. Смычковыя інструменты. // Які прызначаны для выканання на такіх інструментах; які выконваецца на такіх інструментах. Смычковы квартэт.

смычо́к, ‑чка, м.

1. Тое, што і смык (у 1 знач.). Дзіўныя гукі, што выплываюць з-пад смычка цудадзея-музыкі, вясёлкавыя фарбы, беражліва пакладзеныя мастаком на палатно, — таксама чаруюць і захапляюць. Шахавец.

2. Прылада для трапання шэрсці.

смя́глы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смаглы.

смя́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Тое, што і смагнуць. Хацелася піць, смяглі вусны. Асіпенка.

смяле́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. смелы.

смяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца, станавіцца смелым, смялейшым. Хлопцы ўсё больш смялелі і ўжо проста, як старому сябру, пачалі расказваць Лясніцкаму ўсе вясковыя навіны. Шамякін. Настаўнік зусім не злуецца, і Ганька смялее і ўзнімае на яго вочы. Васілевіч.

смяльча́к, смельчака, м.

Разм. Смелы чалавек. Адразу ж знайшоўся смяльчак, распрануўся і скочыў у возера. Шашкоў. Смельчакі пад суцэльным шквалам агню ўсё ж неяк ухітраліся насіць у біклагах параненым ваду. Сачанка. Ніхто не адважваўся адкрыць перад Кацярынаю сваё сэрца, хоць смельчакоў хапала ў Залесавічах. Карамазаў.

смярдзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Вылучаць смурод, дрэнна пахнуць. Моцна смярдзеў тлеючы торф. Машара. / у безас. ужыв. Моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і брыдкім. Быкаў. Ва ўсім доме смярдзела нечым кіслым і гнілым. Чарнышэвіч. // Быць насычаным чым‑н., прапахнуць чым‑н. Цемнаваты калідор смярдзеў дымам і якімсьці кіслым пахам. Гартны.