Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сму́шак, ‑шка, м.

Шкурка, знятая з нованароджанага ягняці, а таксама футра са шкурай такога ягняці.

сму́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смушка. Смушкавая авечкагадоўля. Смушкавыя пароды авечак. // Зроблены са смушка. Смушкавая шапка.

смушка́р, ‑а, м.

Кушнер, які займаецца вырабам смушак.

смык, ‑а; мн. смыкі, ‑оў; м.

1. Драўляная палачка з напятым удоўж яе пучком конскіх валасоў, дотыкам якой да струн якога‑н. музычнага інструмента ўтвараюць адпаведныя гукі. Дайце скрыпку мне маю, Дайце мне мой смык! Я зайграю, запяю, Як жыве мужык. Купала. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас.

2. Уст. Прымітыўная барана. Не толькі на «лядах», але нярэдка і на стараворыўных глебах скарыстоўваўся першабытны смык — прылада, якую рабілі з яловых плашак. «Помнікі».

смы́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смыка. Смыкавы волас.

смы́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. смыкаць.

смы́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Рабіць сутаргавыя рухі; перасмыквацца. Адна нага ніжэй калена ў Андрэя Лялюгі драўляная. Калі выстругае сабе новую, то ходзіць нішто сабе, мала накульгвае, а як стопча гумавыя набойкі.., дык ягоныя плечы ў хадзе смыкаюцца ўніз — уверх. Б. Стральцоў.

2. Зал. да смыкаць (у 1 знач.).

смы́каць, смычу, смычаш, смыча і ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Выскубваць кудзелю пры прадзенні. [Маці:] — Будзеш і прасці, маленькая, ты ж ужо добра смыкаеш. Брыль. Смыча нітку яна [маці], ўсё кудзельку прадзе. Колас. Звычайна, добра сагрэўшыся, Ганька адсоўваецца на край печы, садзіцца на сваю прасніцу і, звесіўшы, як старая жанчына, ногі, старанна смыча кудзелю — прадзе на зрэб’е. Васілевіч.

2. Скубці, шчыпаць што‑н. — А, каб ты скіс! — глянула бабка на печ. — Зноў смыкаеш тую цыбулю? Увесь вянок зараз растрасеш! Каліна.

3. Трэсці, тузаць. Смыкаць за рукаў. Смыкаць за вяровачку.

4. Перасмыкваць. Радасны настрой апанаваў хлопца, ён штурхаў Чумака, жартаваў, не звяртаючы ўвагі на тое, што той нездаволена смыкае вуснамі. Савіцкі.

смы́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да смыкацца (у 1 знач.).

смы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да смыкаць.