асла́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аслаб, ‑ла; зак.
Разм.
1. Тое, што і аслабець.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць менш нацягнутым, тугім. Бабуля ляжыць галавой на покуце, нізка над вачыма абвязаная хусткай, якая аслабла і аб’ехала на вочы. Брыль.
•••
Аслаблі гайкі ў каго гл. гайка.
аслані́ць, асланю, аслоніш, аслоніць; зак., каго-што.
Разм. Ахінуць, акружыць, засланіць.
асланя́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да асланяць.
асланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да асланіць.
асле́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад асляпіць.
асле́плы, ‑ая, ‑ае.
Які аслеп, стаў сляпым. Мядзяных сонцаў кроплі зграбае ў шапку з пліт аслеплы ў Севастопалі хрыпаты інвалід. Вялюгін.
асле́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аслеп, ‑ла; зак.
1. Стаць сляпым, страціць зрок. [Зоська:] Што ж гэта я, значыцца, аслепну? [Данілка:] Можа і аслепнеш. Але ты і ўжо не ўсё бачыш. Купала. // перан. Перастаць прапускаць святло. Побач — пародыя на магазін, Вокны аслеплі ад тлустай гразі. Панчанка. // перан. Стаць цёмным, непраглядным. Аслепла ўсё, І толькі свеціць «Сляпак» паходны ў бліндажы. Калачынскі. // Часова перастаць бачыць, адрозніваць прадметы. Мядзведзь на хвіліну аслеп. Бядуля. Увайшоў.. [Янка] у палац, глянуў угору, траха не аслеп. Якімовіч.
2. перан. Перастаць заўважаць, разумець тое, што адбываецца вакол.
аслі́злы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты сліззю, граззю; коўзкі. Іліко шараваў аслізлыя бочкі, тужыў і зрэдку плакаў. Самуйлёнак. Трава была мокрая, аслізлая. Асіпенка.
аслі́знуць, ‑не; зак.
Разм. Пакрыцца сліззю; стаць коўзкім.
аслі́ннік, ‑у, м.
Двухгадовая расліна з пахучымі жоўтымі кветкамі, якія раскрываюцца ўвечары.