скулі́цца, скулюся, скулішся, скуліцца; зак.
Разм. Упасці, зваліцца. Старому Пеўню дрэнны сон прысніўся, Устрапянуўся ён і... з седала скуліўся. Валасевіч. Буланы спудзіўся і, захропшы, ірвануў калёсы так, што Тарас ледзь не скуліўся з воза. Гурскі.
скулі́ць, скулю, скуліш, скуліць; зак., каго-што.
Разм. Скінуць, зваліць з чаго‑н. Скуліць сена з воза. □ [Бацька] адчыніў хляўчук і скуліў барака туды, дзе стаялі нашы авечкі. Грамовіч.
ску́лле, ‑я, н., зб.
Разм. Нарывы, балячкі. Вуха скуллем залажыла. / Ужываецца як праклён. [Лявоніха:] — Прыйшла ты, сарока, выведаць, што ў хаце маёй робіцца — скулле даведаешся, не дачакаешся! Бядуля.
скуль, прысл.
Разм. Тое, што і адкуль. Калі поезд праехаў мост, селянін паімкнуўся быў ісці, але Павел Андрэевіч прывітаўся з ім і запытаў, скуль ён. Галавач. Скуль жа ў такога малога гэтулькі сталасці і спрыту? Бажко. Стары падняўся і, відаць, усё ж усхваляваны, падыбаў па паляну, скуль можна было бачыць пажар. Шчарбатаў.
ску́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скуліцца.
2. Зал. да скульваць.
ску́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скуліць.
ску́льптар, ‑а, м.
Мастак, які працуе ў галіне скульптуры.
[Лац. sculptor.]
ску́льптарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Жан. да скульптар.
ску́льптарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скульптара. Скульптарскі талент.
скульпту́ра, ‑ы, ж.
1. Від выяўленчага мастацтва — стварэнне аб’ёмных вобразаў (барэльефаў, статуй і пад.) з гліны, каменя, металу і пад. Займацца скульптурай. □ Праца.. з’яўляецца вядучай тэмай савецкага выяўленчага мастацтва — жывапісу, графікі, скульптуры. «Беларусь». На аддзяленні скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект мемарыяла. «Помнікі».
2. Твор гэтага віду мастацтва. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Колас. Праходзячы міма скульптуры студэнта, схіленага над разгорнутай кнігай. Максім Сцяпанавіч зноў захваляваўся. Карпаў. // зб. Сукупнасць такіх твораў. Беларуская скульптура.
[Лац. sculptura.]