Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

скрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Зрушыцца з месца. Нібы прыкуты быў да месца Міколка, не мог скрануцца, ні паварушыцца. Лынькоў. Хацелася сесці і адпачыць. Але нам было вядома, што лепш не спыняцца, бо затым не скранешся. Лось. Саша скранулася з месца і ішла павольна да стала, як баючыся. Пестрак.

скрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Зрушыць з месца. [Гарбачэня:] — Наравістаму каню пуга дапамагае. — Наадварот, — зазначыў падводчык, — ласкай хутчэй скранега з месца. Гурскі. Паравоз рыўком скрануў эшалон з месца. Мележ.

скрап, ‑у, м.

Спец. Металалом або адходы вытворчасці, прызначаныя для пераплаўкі. Чыгунны скрап.

[Англ. scrap.]

скрапі́ць, скраплю, скрэпіш, скрэпіць; зак., што.

Спыніць панос. Скрапіць жывот. / у безас. ужыв. Чарніцамі скрапіла жывот.

скрапле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрапляць — скрапіць і стан паводле знач. дзеясл. скрапляцца.

скрапля́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для скраплення жывата; проціл. слабіцельны. Скрапляльны сродак. Скрапляльнае лякарства.

скрапля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да скрапляць.

скрапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да скрапіць.

скра́пны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрапу. Скрапны працэс.

скра́сці, скраду, скрадзеш, скрадзе; зак., каго-што.

1. Разм. Украсці, цішком узяць для сябе што‑н. чужое. Ну, чым кепскія нашы местачковыя суседзі.., што яны благое зрабілі.., хіба толькі, як я памятаю, хлопцы пару гусей скралі, дык гэта ж глупства. Лынькоў. // Сілаю забраць. Тваіх здабыткаў ворагу не скрасці, Як не спыніць нястрымны часу рух. Звонак. // Пераманіць. Скрасці гарманіста з вечарынкі.

2. Зак. да скрадваць.