Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асі́лкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да асілка, належыць асілку. // Такі, як у асілка. Шчыток, якім чалавек прыкрываў свой твар, надаваў яго постаці нешта велічнае, асілкавае. Сабаленка. Можа тысячны раз.. [Галіна Адамаўна] залюбавалася яго [Яраша] асілкавай постаццю, што ўся імкнецца ў неба за галубамі. Шамякін.

асі́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да асіліць.

асіметры́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асіметрычнага.

асіметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Несіметрычны, нераўнамерны, непрапарцыянальны.

асіметры́я, ‑і, ж.

Адсутнасць або парушэнне сіметрыі.

[Ад грэч. asymmetria — несуразмернасць.]

асімілява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад асіміляваць.

асімілява́цца, ‑люецца; зак. і незак.

1. Прыпадобніцца (прыпадабняцца) да каго‑, чаго‑н.

2. толькі незак. Зал. да асіміляваць.

асімілява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., каго-што.

1. Прыпадобніць (прыпадабняць) сабе; ператварыць (ператвараць) адно ў другое, падобнае да яго.

2. Спец. Засвоіць (засвойваць). Асіміляваць вуглярод паветра. Асіміляваць умовы знешняга асяроддзя.

асіміля́тар, ‑а, м.

1. Той, хто праводзіць асіміляцыю, прыхільнік асімілятарства.

2. Спец. Арганізм або частка арганізма, якая асімілюе пажыўныя рэчывы.

асіміля́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асімілятарства.