Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

фі́зія, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і фізіяномія (у 1 знач.). — Вось сустрэцца дзе прыйшлося, Ад радні за сотні міль! — Васілю сказаў Васіль І прыжмурыў хітра вочы, А пасля як зарагоча, Як састроіць хлопец фізію... Вітка.

фізіягра́фія, ‑і, ж.

Уст. Тое, што і фізічная геаграфія (навука, якая вывучае зямную паверхню, яе клімат, раслінны і жывёльны свет).

[Ад грэч. physike — прырода і graphō — пішу.]

фізіякра́т, ‑а, М ‑раце, м.

Паслядоўнік буржуазнага палітыка-эканамічнага вучэння 18 ст., паводле якога толькі праца земляроба з’яўляецца прадукцыйнай і стварае прыбавачную вартасць. Эканамічныя ідэалы фізіякратаў.

[Фр. physiocrate ад грэч. physis — прырода і kratos — улада.]

фізіякраты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фізіякрата. Фізіякратычная тэорыя.

фізіялагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізіялогіі (у 1 знач.). Фізіялагічныя даследаванні. Фізіялагічныя метады аналізу захворванняў нервовай сістэмы.

2. Звязаны з фізіялогіяй арганізма, з яго жыццядзейнасцю. Кожнаму настаўніку трэба перш за ўсё лічыцца са значнымі фізіялагічнымі зменамі, якія адбываюцца ў арганізме падлетка. «Народная асвета». // перан. Груба пачуццёвы.

3. У складзе назваў рада дысцыплін, якія вывучаюць жывыя істоты. Фізіялагічная оптыка. Фізіялагічная акустыка.

•••

Фізіялагічны раствор гл. раствор.

фізіяло́гія, ‑і, ж.

1. Навука аб жыццёвых функцыях і дзейнасці жывога арганізма і яго частак. Параўнальная фізіялогія. // Спецыяльны прадмет, які вывучае гэту навуку. Лекцыі па фізіялогіі.

2. Сукупнасць жыццёвых працэсаў, якія адбываюцца ў жывым арганізме ці яго органах. Фізіялогія раслін. Фізіялогія жывёлы. Фізіялогія цэнтральнай нервовай сістэмы. // Характар, асаблівасці якіх‑н. жыццядзейных функцый. Фізіялогія дыхання. Фізіялогія кровазвароту. // перан. Грубая пачуццёвасць.

•••

Фізіялогія гукаў мовы — раздзел фанетыкі, які вывучае будову моўнага апарата і яго дзейнасць у працэсе маўлення.

[Грэч. phisis — прырода і logos вучэнне.]

фізіянамі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто пазнае па рухах і міміцы твару характар, унутраны стан чалавека. [Валуеў] быў фізіянаміст і часта раздумваў над абліччамі сустрэчных: — У-у, якія вочы! Караткевіч.

фізіянамі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фізіянаміст.

фізіяно́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

Уменне распазнаваць характар і ўнутраны стан чалавека па рухах і міміцы твару. // Вучэнне аб сувязі ўнутраных уласцівасцей чалавека з яго знешнім абліччам.

[Ад грэч. phisis — прырода і gnōmōn — які ведае.]