фізі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.
2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.
3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.
4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.
5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.
•••
Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.
Фізічная культура гл. культура.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)