Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

садо́м, ‑у, м.

Бязладдзе, сумятня, гоман, крык. Яўхім пачаў біць вокны, посуду, гаршкі, перавярнуў начоўкі з рошчынай і рабіў страшны садом у хаце. Бядуля.

•••

Садом і гамора — тое, што і садом (ад назваў двух гарадоў старажытнай Палесяіны, якія, паводле біблейскай легенды, былі пакараны богам за грахі жыхароў).

садо́мскі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. уст. Распусны, разбэшчаны.

садо́ўнік, ‑а, м.

Спецыяліст па догляду саду і вырошчванню садовых раслін. Садоўнік, відаць, падстрыгаў дрэвы для хараства, каб яны раслі не гонкія, а купчастыя. Пальчэўскі.

садо́ўніца, ‑ы, ж.

Жан. да садоўнік.

садо́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да садоўніцтва, садоўніка. Садоўніцкі інвентар.

садо́ўніцтва, ‑а, н.

1. Занятак садоўніка; майстэрства даглядаць сад.

2. Развядзенне садовых раслін як галіна сельскай гаспадаркі. Даручылі мне людзі нашы крыху падвучыцца і ўзяць у калгасе садоўніцтва ў свае рукі. Скрыпка. // Раздзел сельскагаспадарчай навукі аб развядзенні і вырошчванні садоў. Ад уваходу пачынаецца жывапісная алея — выдатны ўзор дасягненняў нашага дэкаратыўнага садоўніцтва. «Маладосць».

садо́ўнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Працаваць садоўнікам.

2. Займацца садоўніцтвам.

садра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад садраць (у 1–4 знач.).

садра́цца, здзярацца; зак.

Разм.

1. Злупіцца, зняцца (пра кару, скуру і пад.). З павязкамі на пальцах садралася і скура. Паўлаў. // Адклеіцца і адваліцца ад якой‑н. паверхні. Афіша садралася.

2. Ад доўгага карыстання стаць непрыгодным (пра венік, мятлу і пад.). Венік зусім садраўся.

3. З’ехаць, зваліцца з насадкі. Мятла садралася з кійка.

садра́ць, здзяру, здзярэш, здзярэ; здзяром, здзераце; зак., што.

1. Адрываючы ад чаго‑н., аддзяліць, зняць (звычайна верхні слой чаго‑н.). Але ў галаве яго на скорую руку з’явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў — гэта будзе дзедаў трафей. Колас. Уладкаваўшыся, людзі распачалі работу. Рукамі садралі дзірван, адграблі пясок, і вось ужо сям-там забялелася крэйда. Штыхаў. // Разм. Скалупнуць прышч, больку. Садраць струп. // Разм. Пашкодзіць скуру, абдзерці. Садраць скуру на пальцы. // Счысціць, саскрэбці што‑н. з якой‑н. паверхні. На хаду, пакуль стружка не прыстыла да металу, Дывінец садраў яе жалезным кручком. Асіпенка.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае, прымацаванае і пад. Садраць боты з ног. Садраць шапку з галавы. Садраць аб’яву. Садраць абіўку з крэслаў. Садраць паганы. □ Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкуматаны ў бойцы паўшубак. Быкаў. // Моцна дзьмучы, знесці з паверхні. Віхор страху садраў. / у безас. ужыв. Навальніцай дах садрала. / у перан. ужыв. Ранак быццам садраў покрыва з таго жыцця, да якога клікаў мяне Гаранька. Савіцкі.

3. Расціраючы на тарцы, здрабніць што‑н. Садраць бульбы на бліны. □ Адну бульбіну здзярэ [маці] на тарку, памыўшы толькі ад пяску, дабавіць да сухога стоўчанага лісця ад ліпы. Якая яшчэ зацірка выходзіла... Пташнікаў. // Здрабніць на тарцы ўсё дарэшты. Усю бульбу садралі.

4. Разм. У выніку доўгага карыстання зрабіць непрыгодным. Садраць венік нашчэнт.

5. Разм. Узяць непамерна вялікую плату за што‑н. Можна было падумаць, што пасля гэтага «заробку» бабка Анісся не здзярэ з нас па рублю за салёныя агуркі... Васілевіч. // Забраць шляхам вымагання. — Успомні, як ты [Варыла] пры панах распінаўся!.. Апошнюю кашулю хацеў садраць за розныя нядоімкі і штрафы. Бажко.

6. Разм. Спісаць жыўцом у каго‑н., выдаўшы за сваё. Садраць сачыненне. □ — Ну, я спішу ваш расклад, здзяру яго да літары... Дайце мне, калі ласка, паперы... Колас.

•••

Садраць магарыч — атрымаць хабар. Адсудзіць, нягоднік, дальбог жа адсудзіць і магарыч з пана Крукоўскага здзярэ. Бажко.

Садраць скуру (дзве, тры скуры) — тое, што і злупіць скуру (дзве, тры скуры) (гл. злупіць).

Садраць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) з каго — тое, што і злупіць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) (гл. злупіць).