Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арля́к, ‑у, м.

Адзін з відаў папараці.

арлянё,

гл. арляня.

арля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Гульня, якая складаецца з адгадкі: ляжа падкінутая манета гербавым малюнкам (арлом) ці процілеглым бокам (рэшкай).

арляня́ і арлянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня арла.

арма́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Вялікае злучэнне караблёў, самалётаў або танкаў, якія дзейнічаюць узгоднена. Армада бамбардзіроўшчыкаў. □ Крышылі ўзбярэжжа лінкоры снарадамі, Армады крылатыя засцілі свет. Панчанка.

[Ісп. armada — флот.]

армату́ра, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць прылад і прыстасаванняў для якога‑н. апарата, машыны, канструкцыі. Арматура паравога катла. // Камплект прадметаў для абсталявання электрычнага асвятлення. Асвятляльная арматура.

2. Сталёвы каркас жалезабетонных збудаванняў, а таксама сукупнасць металічных частак, якія ўводзяцца ў які‑н. матэрыял, у якое‑н. збудаванне, каб павялічыць іх трываласць.

[Ад лац. armatura — узбраенне.]

армату́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арматуры. Арматурная сетка. Арматурны каркас. Арматурныя работы.

армату́ршчык, ‑а, м.

Рабочы, які вырабляе, устанаўлівае або абслугоўвае арматуру.

армату́ршчыца, ‑ы, ж.

Жан. да арматуршчык.

арме́ец, армейца, м.

Той, хто служыць у арміі; вайсковец. Вайна адгрымела. Салют Уславіў шляхі перамогі. І выпаў армейцу маршрут На новыя выйсці дарогі. Глебка.