Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэгенера́тар, ‑а, м.

Спец. Цеплаабменны апарат для рэгенерацыі цяпла, які выкарыстоўваецца пераважна для падагравання паветра або газу ў мартэнаўскіх, доменных і інш. печах, кацельных устаноўках, паравых і газавых турбінах.

рэгенера́тны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да рэгенерату, прызначаны для атрымання рэгенерату. Рэгенератны завод. Рэгенератны цэх.

рэгенераты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да рэгенерацыі. Рэгенератыўнае награванне паветра. // Які служыць для рэгенерацыі. Рэгенератыўная печ.

рэгенера́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Аднаўленне першапачатковых каштоўных уласцівасцей адпрацаваных матэрыялаў вытворчасці.

2. Награванне газу і паветра ў печы адпрацаванымі прадуктамі гарэння.

3. Аднаўленне жывёльнымі і расліннымі арганізмамі страчаных або пашкоджаных органаў, тканак, а таксама цэлага арганізма з часткі.

[Ад лац. regeneratio — аднаўленне, зварот.]

рэ́гент, ‑а, М ‑нце, м.

1. Часовы правіцель манархічнай дзяржавы, які ажыццяўляе вярхоўную ўладу замест манарха.

2. Дырыжор хору, пераважна царкоўнага. [Бацька] амаль самастойна вывучыў тэорыю спеваў і стаў даволі вядомым у «епархіі» царкоўным рэгентам. Зарэцкі.

[Ад лац. regens, regentis — які правіць.]

рэ́гентка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Жан. да рэгент.

рэ́генцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэгента, належыць яму. Рэгенцкія рэгаліі.

рэ́генцтва, ‑а, н.

1. Часовае праўленне ў манархічных краінах адной або некалькіх асоб з выпадку хваробы, працяглага адсутнічання, непаўналецця манарха і г. д.

2. Званне, пасада рэгента.

рэгіён, ‑а, м.

Спец. Пэўная тэрытарыяльная адзінка (раён, вобласць), якая адрозніваецца ад іншых спецыфічнымі рысамі.

[Лац. regio — вобласць.]

рэгі́стр, ‑а, м.

1. Спіс, пералік чаго‑н., кніга для запісу, уліку, рэгістрацыі чаго‑н. Рэгістр бухгалтарскага ўліку. Рэгістр паступленняў.

2. Участак гукавога дыяпазону музычнага інструмента або голасу, які займае пэўнае становішча па вышыні. Нізкі рэгістр. □ [Барсукова] здзівіла прыгожым голасам, чыстатой інтанацыі і роўным гучаннем ва ўсіх рэгістрах, а таксама глыбокім драматычным тэмпераментам. «Беларусь». // У некаторых духавых і язычковых музычных інструментах (аргане, фісгармоніі і пад.) — група труб або язычкоў з гучаннем аднолькавага тэмбру.

3. Спец. Размеркавальнік, рэгулятар у некаторых машынах і прыборах. // Рад клавішаў у клавішных літарных або лічыльна-аналітычных машынах. Ніжні рэгістр.

4. У СССР — орган тэхнічнага нагляду, які вызначае ўмовы бяспечнага плавання грузавых і пасажырскіх суднаў.

[Лац. registrum — спіс, пералік.]