Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фігу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.

2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.

3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.

4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.

5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.

•••

Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.

Фігурныя дужкі гл. дужка.

фігуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца фігурным катаннем. Рукі [Паўла] былі пластычныя, прыгожыя, нібы ў гімнаста-фігурыста, і Валя, выпадкова зірнуўшы ў акно, залюбавалася. Шыцік.

фігуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так, ж.

Жан. да фігурыст.

фігу́рысты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Складаны па форме. Вокны ў дамах — з фігурыстымі разнастайнымі ўзорамі. Новікаў.

2. Які мае прыгожую фігуру (у 2 знач.). — Нічога дзяўчына, сакаўная і фігурыстая. Колас.

фідэі́зм, ‑у, м.

Ідэалістычны напрамак у буржуазнай філасофіі, які адмаўляе навуковае пазнанне свету і замяняе яго рэлігійнай верай.

[Ад лац. fides — вера.]

фідэі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік фідэізму.

фідэі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фідэіст.

фідэісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фідэізму, фідэіста. Фідэістычная канцэпцыя.

фі́дэр, ‑а, м.

Спец. Провад, які перадае электраэнергію на сілкавальныя пункты або злучае радыёперадатчык (прыёмнік) з антэнай.

[Англ. feeder.]

фі́дэрны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да фідэра. Фідэрная лінія.